Рараты ў Віцебску: абразок з катэдральнага касцёла |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
15.12.2014 12:13 |
У катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску раратняя Імша пачынаецца а палове на сёмую. Святыня ажывае, дзякуючы мноству запаленых свечак і ліхтарыкаў. Рараты — гэта вельмі прыгожая традыцыя Адвэнту, яны праводзяцца ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, якая нарадзіла Дзіцятка Езуса. Раратная святая Імша звычайна адбываецца раніцай да ўзыходу сонца. З цікавасцю ўдзельнічаюць у Імшы дзеці. Гледзячы на іх заспаныя тварыкі, бачыш, як у іх шырока адкрытых вочках пераліваюцца водбліскі агеньчыкаў ад свечак. Дзеці яшчэ хочуць спаць, але яны прыйшлі ў касцёл нароўні з дарослымі… Напрыканцы раратняй Імшы святар па традыцыі ўручае каму-небудзь з парафіян фігурку Найсвяцейшай Панны Марыі, якую вернік захоўвае дома да наступных Раратаў. Прыняць фігурку Марыі — гонар і вялікая пашана. Кожны раратні ранак дае натхненне на ўвесь працоўны дзень. Анатоль Бандарчук |
Фотарэпартаж |