Дзеці з дзіцячага дома сталі гасцямі на куцці ў кляштары сясцёр эўхарыстак у Друі |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
|
27.12.2014 17:32 |
Напярэдадні Божага Нараджэння ў кляштары сясцёр эўхарыстак у Друі (Віцебская дыяцэзія) адбылася святочная вячэра – куцця. Гасцямі па традыцыі сталі выхаванцы мясцовага дзіцячага дома, якія засталіся на зімовыя школьныя канікулы ў Друі.
Вячэра рыхтавалася загадзя з актыўным удзелам і дапамогай саміх дзяцей, якія з’яўляюцца частымі гасцямі ў кляштары. Сёстры на працягу навучальнага года не толькі збіраюць дзяцей на заняткі рэлігіі, але таксама вучаць іх весці хатнюю гаспадарку і быць больш падрыхтаванымі да дарослага жыцця.
Сястра Наталля Арлянковіч SJE распавядае: “Мы пачынаем ад самага простага - вучым заварваць гарбату, дадаваць туды цукар, прыбірацца за сабою, сачыць за асабістай чысцінёй, гатаваць ежу. Спадзяемся, што ўсё гэта ім дапаможа потым”.
На працягу гадоў сёстры эўхарысткі з дазволу бацькоў дзяцей і дырэкцыі дзіцячага дома падрыхтавалі многіх выхаванцаў да святых сакрамэнтаў. Некаторыя дзеці былі ахрышчаны ў друйскім касцёле, значная колькасць з іх прыступілі да Першай святой Камуніі. Дзеці наведваюць таксама нядзельныя і святочныя Імшы, а некаторыя хлопцы з дзіцячага дома прыслугоўваюць ля алтара ў якасці міністрантаў.
Урачыстую вячэру распачаў пробашч парафіі кс. Сяргей Сурыновіч. Пасля малітвы святар звярнуўся да дзяцей з заклікам зберагчы Хрыста, які нарадзіўся, праз усё сваё жыццё, бо Ён – той, у каго заўсёды можна знайсці суцяшэнне і падтрымку.
На працягу вячэры дзеці спявалі калядныя песні, а пад яе завяршэнне іх наведаў святы Мікалай са святочнымі падарункамі.
(AG)
Фота с. Наталлі Арлянковіч SJE
|
Фотарэпартаж |