Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 60 вернікам парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча, біскупа і мучаніка, у Мёрах (Віцебская дыяцэзія).
Кандыдаты да прыняцця сакрамэнту сустрэлі біскупа і паднеслі яму хлеб-соль, а таксама сем ружаў, як сімвал сямі дароў Духа Святога. У прывітальным слове моладзь прасіла іерарха аб удзяленні сакрамэнту канфірмацыі.
У адказ біскуп Алег Буткевіч звярнуўся да прысутных, адзначыўшы ў прыватнасці, што мёрская парафія была адной з першых у яго святарскай біяграфіі і таму з’яўляецца як бы “стартавай пляцоўкай”. Біскуп зазначыў, што не толькі святар служыць людзям, але людзі таксама з’яўляюцца выхаваўцамі святара.
З асаблівымі словамі ўдзячнасці іерарх звярнуўся да пробашча кс. Крыштафа Мянкіны і падзякаваў за час, праведзены пад яго кіраўніцтвам і апекай.
Імшу разам з біскупам канцэлебравалі ксяндзы Крыштаф Мянкіна і Валерый Марціноўскі. У гаміліі іерарх правёў паралелі паміж Святой Сям’ёй і сучаснымі сем’ямі, узгадаў пра цяжкасці, якія выпалі на лёс сям’і з Назарэта, і заахвоціў браць прыклад у паўсядзённым жыцці са Святой Сям’і.
Па словах віцебскага ардынарыя, хоць праблема сучаснай сям’і і праблема дэмаграфіі ў многіх выклікае аскоміну, але ніколі не будзе зашмат гаварыць аб гэтым, бо сям’я – гэта інстытут грамадства, менавіта ў сям’і адбываецца фармацыя чалавека, таму, дадаў іерарх, якімі будуць нашыя сем’і, такім будзе і грамадства.
Біскуп узгадаў аб адказнасці ў падыходзе да ставарэння сям’і, пачынаючы з малітвы за будучага сужэнца, знаёмства і падрыхтоўкі да сакрамэнту шлюбу; звярнуў увагу на абавязак бацькоў перад дзецьмі ў выкананні прысягі, якую склалі падчас сакрамэнту шлюбу. Віцебскі ардынарый падкрэсліў, што гэта нелёгкая справа, аднак ёсць доказ і прыклад таго, што гэта магчыма. “Святая Сям’я змагла пераадолець жыццёвыя цяжкасці, таму і мы павінны да гэтага імкнуцца, просячы аб Божай дапамозе і згаджаючыся з Божай воляй. Зразумець Божую волю нам дапамагае Святы Дух. Бог прыйшоў на зямлю, каб дапамагчы, ачысціць, прывесці да вечнага жыцця, таму ўзносьце ўгору сэрцы. Калі мэтай нашага жыцця будзе Божае Валадарства, то ўсё іншае мы атрымаем, у гэта толькі трэба паверыць”, - адзначыў іерарх.
Паводле catholicnews.by (AG)
Фота catholicnews.by
|