У лучайскай парафіі адбылася сустрэча працаўнікоў чыгункі і авіяцыі |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
|
06.01.2015 16:29 |
4 студзеня, у першую нядзелю 2015 года, у парафіі Святога Тадэвуша, апостала, у Лучаі (Віцебская дыяцэзія) па запрашэнні кс. Мікалая Ліпскага адбылася сустрэча працаўнікоў чыгункі, авіяцыі і тых, хто карыстаецца іх працай.
Душпастырства чыгуначнікаў у Беларусі апякуецца некалькімі сотнямі людзей, што працуюць на чыгунцы, і іх сем’ямі. Iдэя заснавання душпастырства нарадзілася ў 1991–1992 гг. у Парэччы (Гродзенская дыяцэзія). Многія працаўнікі чыгункі сустракаюцца на малітве ў касцёле, удзельнічаюць у жыцці парафіі. Іх аб’ядноўвае адна сфера дзейнасці, аднолькавыя інтарэсы, тэмы. Для чыгуначнікаў рэгулярна праводзяцца фармацыйныя сустрэчы, Эўхарыстыя. Таксама яны маюць магчымасць прымаць удзел у пілігрымках не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, удзельнічаць ў еўрапейскіх сустрэчах чыгуначнікаў. Апекунамі працаўнікоў чыгункі з’яўляюцца св. Андрэй Баболя і св. Кацярына Александрыйская.
Святую Імшу ў інтэнцыі чыгуначнікаў і іх сем’яў цэлебраваў айцец Станіслаў з парафіі Маці Божай Ларэтанскай у Мінску. Разам з ім парафію наведалі і свецкія ўдзельнікі душпастырства.
У гаміліі святар засяродзіў увагу на працы чыгуначнікаў як на пакліканні – служэнні людзям.
Пасля літургіі адбылася сустрэча з чыгуначнікамі, у межах якой былі малітва, дзяленне аплаткай і размовы пра тое, як удзельнікі душпастырства чыгуначнікаў і авіятараў праводзяць сустрэчы і вольны час пасля працы. Айцец Станіслаў запрасіў чыгуначнікаў парафіі прыняць удзел у бліжэйшай сустрэчы, якая адбудзецца 18 студзеня ў мікрараёне Сокал у Мінску. А наступную сустрэчу чыгуначнікаў y лучайскай парафіі вырашылі правесці 15 лютага.
Паводле luchai.by (AG)
Фота luchai.by
|