Канцэрт класічнай музыкі прайшоў у віцебскай катэдры |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
07.01.2015 17:19 |
Ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана пасля святой Імшы, якую цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, у катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску адбыўся канцэрт класічнай музыкі. Святочны канцэрт праходзіў у межах ХІІІ фестываля «Дні хрысціянскай культуры ў Віцебску». Традыцыйныя канцэрты класічнай музыкі пад зводамі віцебскіх святынь з’яўляюцца прыкладам плённага шматгадовага супрацоўніцтва курыі Віцебскай дыяцэзіі і Віцебскай абласной філармоніі. Таксама і ў гэты раз паслухаць класічныя творы ў святочны час у выкананні артыстаў Віцебскай дзяржаўнай філармоніі сабраліся святары, законныя сёстры, вернікі з усіх парафій горада і проста аматары мастацтва. У выкананні салісткі Віцебскай філармоніі Алены Гракавай прагучала «Ave Maria» на музыку Ігара Лучанка і Франца Шуберта. Майстар скрыпкі, саліст філармоніі і лаўрэат міжнародных конкурсаў Уладзіслаў Міцэнка выканаў гэты твор у музычным сугуччы тэм геніяў клавіра Іагана Себасцьяна Баха і Шарля Гуно. Каментарый вядучай Таццяны Савіцкай суправаджаў кожны музычны твор: атрымаўся не толькі канцэрт, але і экскурс у гісторыю музыкі. Сапрана Алены Гракавай гучала як у суправаджэнні скрыпкі, так і клавішаў у выкананні канцэртмайстра Таццяны Шахрай. У канцэрце прагучалі творы Даргамыжскага, Рымскага-Корсакава, Абухова, Шышкіна, Аляб’ева і інш. Славутыя творы І. С. Баха «Сарабанда» і «Жыга» з «Партыта рэ-мінор», а таксама «Прэлюдыя мі-мажор» заварожвалі слухачоў прыгажосцю. На заканчэнне канцэрта выканаўцы і слухачы разам спявалі цудоўную песню Ф. Грубера «Ціхая ноч». Біскуп Алег Буткевіч і пробашч віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага кс. Адам Дынак падзякавалі артыстам за цудоўнае выкананне класічных твораў, якое было складзена Богу з усяго сэрца. Людміла Ярмолава |
Фотарэпартаж |