У свята Хросту Пана біскуп Віцебскі Алег Буткевіч узначаліў святую Імшу ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Верхнядзвінску, падчас якой асвяціў абраз благаслаўлёнага Мечыслава Багаткевіча, былога пробашча парафіі, расстралянага ў вайну фашыстамі.
Біскуп згадаў шлях служэння Богу і людзям святара Мечыслава Багаткевіча, які да апошніх дзён жыцця захоўваў моц духу, любоў да людзей і непахісную веру. Папа Ян Павел ІІ далучыў кс. Мечыслава Багаткевіча да ліку благаслаўлёных у 1999 годзе.
Абраз бл. Мечыслава Багаткевіча напісаны членам Саюза мастакоў Беларусі Валерыем Шчасным.
У гаміліі падчас Імшы іерарх звярнуў увагу на тое, што сапраўднае шчасце можна знайсці толькі ў пошуку Бога. «У сваім жыцці людзі імкнуцца да радасці. Здараецца, што гэтая цяга прыводзіць да негатыўных праяў: алкагалізму, ужывання наркотыкаў, выпадковых сувязяў — чалавек нібы спрабуе па-свойму рэалізаваць прагу шчасця», — сказаў біскуп.
Іерарх таксама нагадаў, што «яшчэ са Святога Пісання вядома, што спробы “выправіць” законы Бога не даюць нічога, акрамя расчаравання»: «Народжаны Хрыстус указвае шлях, які заснаваны на веры і любові. Радасць і паўнату жыцця адчуваюць тыя, хто кіруецца гэтай дарогай, якой бы цярністай яна ні была».
Падчас візіту іерарх наведаў таксама іншыя населеныя пункты рэгіёна. Біскуп асвяціў капліцу ў вёсцы Сар’я, пабудаваную намаганнямі пробашча верхнядзвінскай парафіі кс. Тадэвуша Кавальскага і яго памочнікаў — братоў капуцынаў, парафіян і ахвярадаўцаў з дабрачыннай арганізацыі «Рэнавабіс». Яніна Пакульневіч
|