У мёрскай святыні ізноў загучаў арган |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
16.01.2015 16:56 |
У мёрскім касцёле пасля працяглага перапынку — больш 10 год — зноў загучаў арган. Рамонтам музычнага літургічнага інструмента займаўся майстар з Вільні — спецыяліст па рамонце і рэстаўрацыі касцёльных і канцэртных арганаў Бернард Тэрмэн. "Ажыўленне" змоўклага некалькі год таму інструмента сімвалічна прыпала на дзень успаміну апякункі касцёльнай музыкі — святой Цэцыліі, які адзначаецца 22 лістапада.Ужо на наступны дзень, у нядзелю, святыя Імшы суправаджаліся арганным гучаннем. Апоўдні на ім сыграў канцэртную праграму піяніст, арганіст, літоўскі кампазітар Аляксандр Ісакаў, які выканаў творы такіх знакамітасцяў, як Рэгер, Бах, Янчанка, Агдэн. Добрая акустыка дазваляла мелодыям гучаць выразна і даносіць настрой да вернікаў, якія шчодра аддзячвалі апладысментамі. Дарэчы, Аляксандр Ісакаў выступіў з канцэртам 11 снежня ў Віцебскай філармоніі, на які быў запрошаны і мёрскі парафіяльны хор «Fiat». Ля аргана мёрскай святыні — спецыяліст па рамонце Бернард Тэрмэн, грае на інструменце Аляксандр Ісакаў Ігнацый Баговіч За векавую гісторыю касцёла вядомыя прозвішчы нешматлікіх арганістаў. У 1940-я гг. гэта быў Ігнацый Баговіч, а яго сваячка Альдона Рачыцкая ў паважаным узросце і зараз спявае на ранішняй польскай службе. З 1956 па 2000 гады на аргане іграў Казімір Грабоўскі, родны брат ксяндза Яна Грабоўскага, які працаваў у Мёрах.
На аргане граў амаль паўстагоддзя Казімір Грабоўскі Анджэла Кіпрушава арганісткай у касцёле працуе ўжо амаль пятнаццаць год. Яна — ініцыятар стварэння парафіяльнага хору «Fiat», які за сваю невялікую гісторыю спяваў на Імшах у касцёлах Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Францыі і іншых краінах блізкага замежжа. З благаслаўлення вышэйшых касцёльных уладаў і пробашча парафіі ксяндза Крыштафа Мянкіны выдадзены на літургічныя гады «Псальмы» з нотамі на кожную нядзелю, святы і ўрачыстасці, некалькі зборнікаў літургічных спеўнікаў на польскай і беларускай мовах, а таксама асобна — для дзяцей і моладзі. Арганістка Анджэла Кіпрушава, на другім плане — Галіна Шокель (Грабоўская) Тэрэзе Вішнеўскай з вёскі Каменполле, што непадалёк ад раённага цэнтра, ўжо больш за 80 гадоў. Яна з маленства з бацькамі кожную нядзелю і ў святочныя дні хадзіла ў мёрскі касцёл. Прыгадвае, што непасрэдна перад Імшой у будынку плябаніі, дзе зараз размяшчаецца радзільны дом, праводзіліся рэпетыцыі хору. Жанчына не спявала ў ім, але памятае, як ксёндз Ян Завістоўскі, што працаваў у Мёрах з 1941 па 1948 гады, на нядзельнай службе заўсёды прызначаў, з якой бліжэйшай вёскі будуць спяваць вернікі на набажэнстве ўжо ў наступную нядзелю. Тым самым была ўстаноўлена чарга… Гэнавэфа Федуковіч узгадвае, што ў час дзейнасці ксяндза Яна Грабоўскага быў праведзены рамонт аргана. Яна ж сама ў той час працавала пры касцёле, была даверанай асобай. У камуністычныя часы такі рамонт рабілі тайна, не маглі нават паклікаць каго з мужчын, бо тыя маглі пазбавіцца месца працы. Таму шчуплай жанчынцы Гэнавэфе прыйшлося ўручную «накачваць мяхі», пакуль майстра выконваў некаторыя работы па рамонце інструмента. На жаль, хто займаўся тым рамонтам, Гэнавэфа дакладна не памятае, мінула шмат год. Абраз святой Цэцыліі, які месціцца на хорах Мёрскія парафіяне шануюць памяць пра памерлых арганістаў Ігнацыя Баговіча і Казіміра Грабоўскага, бо фотаздымкі з іх партрэтамі размешчаны на хорах, таксама там прымацаваны абраз святой Цэцыліі і малітва да апякункі харыстаў і арганістаў. Вольга Вішнеўская Фота Казіміра Блажэвіча і аўтара артыкула |