«Прыходжу, Божа, споўніць Тваю волю» — гэтымі словамі з псальма нядзельнай літургіі распачаў гамілію віцебскі ардынарый біскуп Алег Буткевіч падчас Імшы, якую ўзначаліў 18 студзеня, у першую гадавіну сваёй біскупскай сакры.
Імша адбылася ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску. У катэдры сабраліся вернікі з усіх парафій Віцебска, каб разам са сваім ардынарыем раздзяліць радасць гэтай святочнай падзеі.
У гаміліі, звяртаючы ўвагу на словы псальма, іерарх падкрэсліў, што яны з’яўляюцца нібы адказам на пытанне, дзеля чаго жыве чалавек, які сэнс яго існавання і што мы павінны рабіць у жыцці.
Біскуп адзначыў, што, чуючы гэтыя словы, чалавек вельмі часта адносіць іх да нейкіх выключных заданняў: у яго разуменні спаўненне Божай волі звязана з выкананнем нейкага надзвычайнага задання — пакліканне Самуэля, пакліканне апосталаў.
«Але калі чалавек з’явіўся ў гэтым свеце, ён ужо выконвае нейкае заданне. І чалавек павінен памятаць, што гэта ўпісваецца ў Божы план», — падкрэсліў іерарх.
Пры гэтым чалавек у сваім жыцці сутыкаецца, па слова біскупа, і з пэўнымі перашкодамі, найбольш цяжкія з якіх паўстаюць унутры чалавека. Дзеянні нячыстага, наступствы першароднага граху, якія парушылі гармонію ў чалавеку, увесь час перашкаджаюць выконваць тое, што было запланавана Богам.
Іерарх звярнуў увагу на каштоўнасць дару веры, якую атрымлівае чалавек і якая дапамагае яму шукаць Божай волі.
Напрыканцы гаміліі іерарх заклікаў шукаць і спаўняць Божы план: «Калі будзем здольнымі ісці гэтым шляхам, то, напэўна, не абмінем тую ўзнагароду, якую Пан Бог абяцае тым, хто ў гэтым жыцці верна шукае Ягонай волі. Няхай Божае благаслаўленне, якое атрымаем, будзе для нас гэтым умацаваннем на шляху да пошуку і спаўнення Божай волі ў нашым жыцці».
Напрыканцы Імшы прадстаўнікі віцебскіх парафій павіншавалі ардынарыя з першай гадавінай біскупскай сакры, пажадаўшы і надалей плённа працаваць на Божай ніве. Асабліва кранальна гучалі словы віншаванняў з вуснаў самых маленькіх прадстаўнікоў парафіі Святога Духа.
Біскуп сардэчна падзякаваў прысутным за віншаванні, адзначыўшы, што гэты год сапраўды быў вельмі насычаным, і ў сваю чаргу выказаўшы падзяку святарам, якія падтрымлівалі яго і дапамагалі. Кацярына Лаўрыненка
|