У Віцебску прайшла сустрэча творчай інтэлігенцыі «Кожны талент ад Бога» |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
|
20.01.2015 11:21 |
18 студзеня ў памяшканні культурна-рэлігійнага цэнтра віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага адбылася чарговая сустрэча аматараў мастацтва і прыгожага пісьменства з прадстаўнікамі творчых прафесій «Кожны талент ад Бога».
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся пробашч парафіі кс. Адам Дынак, які падкрэсліў ролю творчага складніка ў жыцці чалавека і ў фарміраванні яго хрысціянскага светапогляду.
Затым выступілі прадстаўнікі пісьменніцкай суполкі горада: празаік, старшыня абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Настасся Лазебная з прэзентацыяй нядаўна выдадзенага ў сталіцы літаратурнага альманаха «Ратуша» і паэты Зміцер Рубанік і Наталля Новікава з уласнымі творамі.
Творы ўжытковага мастацтва прэзентаваў на сустрэчы студэнт Віцебскага тэхналагічнага каледжа Андрэй Званскі. Дэбют таленавітага маладога католіка ў якасці выступоўцы перад аўдыторыяй арганізавала выкладчыца навучальнай установы, неабыякавы да творчых пошукаў і лёсу сваіх выхаванцаў чалавек Наталля Аніськовіч.
Прыемным сюрпрызам сталася для ўдзельнікаў выкананне пад гітару духоўных песень біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам, якога якраз у гэты дзень вернікі Віцебшчыны віншавалі з гадавінай прыняцця біскупскай сакры.
Пісьменнік Франц Сіўко, які вёў сустрэчу, ад імя прысутных пажадаў ардынарыю Божага благаслаўлення ў справе душпастырства, моцнага здароўя, творчага натхнення ў выкананні нялёгкай працы кіраўніка дыяцэзіі.
Мар’ян Шаўроў
|