«Пад знакам святла веры»: культурная сустрэча прайшла ў парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
17.02.2015 12:46 |
Перад Папяльцовай серадой у культурна-рэлігійным цэнтры Віцебскага касцёла Езуса Міласэрнага адбылася чарговая сустрэча на тэму «Кожны талент ад Бога». Як заўсёды, мерапрыемства прайшло ў атмасферы ўзаемаразумення і зычлівасці, зацікаўленага дыялогу людзей розных веравызнанняў пра сутнасць і прызначэнне таленту, яго місію ў справе выхавання, духоўнага росту чалавека. Змястоўнай атрымалася падчас сустрэчы і старонка, прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, талент якога знайшоў яркае ўвасабленне ў шматлікіх творах духоўнай тэматыкі. Іх напоўненасць святлом веры, любові да чалавека запамінальна прадэманстравала падчас імпрэзы верніца грэка-каталіцкай парафіі, настаўніца Наталля Плешчанка. Думкамі пра значнасць паэтычнай і словатворчай спадчыны знакамітага земляка падзяліўся з прысутнымі пісьменнік Франц Сіўко. Затым гучалі вершы віцебскіх паэтаў. Гэтым разам свае новыя творы вынеслі на суд слухачоў сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў паэты Людміла Сіманёнак, Міхась Мірановіч і Наталля Салаўёва. Шматразовая лаўрэатка конкурсаў дэкламатараў Яна Латыш артыстычна і натхнёна прачытала на памяць па-беларуску і па-польску ўрыўкі з Рымскага Трыпціха Папы Яна Паўла ІІ. Вельмі цёпла прынялі прысутныя поўнае экспромтаў і творчых знаходак выступленне сужэнскай пары — паэтаў Аляксандры Красоўскай і Генадзя Барысава і іх дачкі Аніты. Парадаваў спевамі пад гітару парафіянін Дзяніс Мускі. З заключным словам да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуўся вікарый парафіі кс. Ян Кароткін. Сустрэчы на тэму «Кожны талент ад Бога» ладзяцца пры культурна-рэлігійным цэнтры касцёла Езуса Міласэрнага рэгулярна і кожны раз прывабліваюць усё больш удзельнікаў.
Анатоль Бандарчук, фота аўтара |
Фотарэпартаж |