Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сустрэча прыхільнікаў жыццёвага і творчага шляху святара-паэта Казіміра Сваяка прайшла ў Камаях
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
02.03.2015 11:48

 

19 лютага споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння каталіцкага святара Канстанціна Стаповіча — рэлігійнага дзеяча, публіцыста і паэта, што друкаваўся пад псеўданімам Казімір Сваяк.

З гэтай нагоды 22 лютага ў камайскім касцёле святога Яна Хрысціцеля сабраліся прыхільнікі творчасці святара-паэта з розных куткоў Беларусі. 

Адбылося гэта не выпадкова. Гэта першая парафія, дзе распачаў сваё святарскае служэнне ксёндз Стаповіч і дзе шмат дбаюць аб захаванні памяці пра святара-паэта, а таксама займаюцца папулярызацыяй ягонай творчасці.

Пасля Імшы, якую цэлебраваў пробашч кс. Яцэк Хутман, выступілі госці. Крэўная ксяндза Стаповіча, Іяланта Валуевіч, падзякавала ксяндзу Яцэку за ягоную дзейнасць, за тое, што ўжо каторы год у Камаях могуць збірацца прыхільнікі творчасці святара-паэта, што тут вельмі хораша праходзяць святы, якім нават надвор’е спрыяе.

Звяртаючыся да прыхільнікаў творчасці Казіміра Сваяка, Іяланта Валуевіч сказала: «Кожная сустрэча з вамі — гэта незабыўнае свята не толькі для душы Казіміра Сваяка, але і для нас». Іяланта Валуевіч адзначыла, што ўсё больш людзей, і асабліва маладых, далучаецца да шэрагу прыхільнікаў творчасці Казіміра Сваяка. Паколькі, як зазначыла сваячка, у госці на святы прынята прыходзіць з падарункамі, яна падаравала парафіяльнай бібліятэцы «Каталіцкую энцыклапедыю». 

 

 

Мясцовы краязнаўца Іван Драўніцкі, чый бацька ў свой час вучыўся ў беларускай школцы, адчыненай дзякуючы ксяндзу Стаповічу, і бацьку якога знакаміты святар навучыў граць на скрыпцы, расказаў, як, памятаючы расповеды бацькі пра знакамітага святара, у 1952 годзе паспрабаваў азнаёміцца з творчасцю Казіміра Сваяка.

Аднак у так званай «ленінцы» ў Мінску Івану Драўніцкаму сказалі, што для таго, каб яму маглі выдаць творы ксяндза Стаповіча, ён павінен атрымаць спецыяльны дазвол. Затое ў Вільні «Маю ліру» — адзіны прыжыццёвы зборнік паэзіі Казіміра Сваяка, — можна было прачытаць без усялякіх перашкодаў. Каб мець вершы Казіміра Сваяка, Іван Драўніцкі тады перапісаў ад рукі ўсю «Маю ліру». 

Выканаўца з Астравеччыны Аляксандр Якіменка выступіў са сваімі песнямі, сярод якіх быў спеў «Памяці Сваяка». Гурт «Балцкі субстрат» выканаў як народныя песні, так і песню на словы Казіміра Сваяка.

На плябаніі, дзе працягнулася святкаванне, мясцовая настаўніца Генавефа Дубіловіч чытала вершы Казіміра Сваяка, адбылася і віктарына на веданне жыцця і творчасці ксяндза Стаповіча.

Прыхільнікі творчасці ксяндза Стаповіча адзначаюць, што заўсёды, калі яны прыязджаюць на розныя імпрэзы ў мясціны, звязаныя з ягоным жыццём і творчасцю, у гэты дзень абавязкова свеціць сонца. Так было гэтым разам і ў Камаях — падчас святой Імшы раптам у шэры непагодны дзень засвяціла яркае сонца.
Святкаванне 125-годдзя з дня нараджэння ксяндза Канстанціна Стаповіча працягнецца ўвесь год. Чарговы раз прыхільнікі ягонай творчасці сустрэнуцца ў Засвіры — парафіі, дзе святар правёў апошнія гады свайго жыцця, у жніўні зноў адбудуцца святкаванні ў Камаях з нагоды 100-годдзя прэзбітэрскага пасвячэння ксяндза Стаповіча і распачацця ягонага служэння ў камайскай парафіі, а таксама ў Клюшчанах — роднай парафіі святара.

З біяграфіяй Казіміра Сваяка можна пазнаёміцца тут»»

Кацярына Лаўрыненка

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў