Дыяцэзіяльная сустрэча духоўных асобаў Віцебшчыны: чалавек не павінен застацца без пошуку Бога і Божага Валадарства |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
06.03.2015 01:24 |
4 cакавіка ў Віцебскай дыяцэзіі адбылася душпастырская сустрэча. У гэты раз у сувязі з успамінам св. Казіміра сустрэча праводзілася ў парафіі, якая носіць імя гэтага святога — у касцёле св. Казіміра ў Лепелі. Святую Імшу падчас сустрэчы ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У гаміліі іерарх заклікаў прысутных святароў і сясцёр законных звярнуць сваю ўвагу на постаць св. Казіміра, літоўскага княжыча і польскага каралевіча, які пакінуў гэты свет у вельмі маладым узросце (25 год), але за сваё кароткае жыццё знайшоў шлях, які прывёў яго да Валадарства Нябеснага. «Асоба св. Казіміра падкрэслівае, што дарога да святасці магчыма для кожнага чалавека», — сказаў біскуп.
Біскуп Буткевіч заўважыў, што Казімір меў у сваім жыцці практычна ўсё, але сумеў знайсці тую патрэбную дыстанцыю да таго каралеўскага багацця і на першае месца змясціў Бога. «У свой час святы Казімір жыў паводле таго слова, якое Езус заклікаў абвяшчаць сваім апосталам», — сказаў іерарх, дадаўшы, што «і тым жа апосталам, якія былі блізка Езуса Хрыста, на пачатку зусім не так проста было зразумець, прыняць Божае слова і жыць паводле яго». «Мы з вамі жывем у свеце, які прапаноўвае чалавеку ўсё больш і больш не «каралеўскае», але вельмі выгоднае жыццё. Вядома, што не ўсе гэтымі выгодамі карыстаюцца, але большасць да іх імкнецца. І калі ў гэтых выгодных умовах людзі застаюцца без Божага слова, без навукі пра Божае Валадарства, то тады мы маем тое, што маем: клопаты і праблемы нашых сем'яў і грамадства, войны, выкарыстанне чалавека чалавекам, забойствы і г. д. Усё гэта вынікае з таго, што чалавек застаецца без Бога і без пошуку Божага Валадарства», — сказаў іерарх. Менавіта таму біскуп Алег Буткевіч нагадаў прысутным духоўным асобам пра абавязак несці Божае слова ў свет, які зараз мае на ўсё свой уласны адказ, сваё слова. Таксама іерарх перасцярог, што калі не ісці самім за прыярытэтам, які вызначыў Езус Хрыстус — самім шукаць Божага Валадарства і імкнуцца паказаць яго людзям, — служэнне можа аказацца марным. «Калі звярнуць увагу на Заходнюю Еўропу, на цывілізацыю, якая паўстала на Божым слове, хоць у Касцёла не было першаснай мэты стварыць т. зв. «еўрапейскую цывілізацыю», можна заўважыць, што гэтая цывілізацыя ўзнікла як вынік таго, што чалавек жыў паводле Божага слова. Аднак сёння, калі мы заўважаем адыход ад Слова, гэтая цывілізацыя пачынае рушыцца», — заўважыў біскуп. Віцебскі ардынарый дадаў таксама, што «калі мы і павінны рабіць інвестыцыі, то трэба іх рабіць у чалавека, найперш у чалавека. Інвестыцыю не ў матэрыяльным сэнсе, але ў духоўным». У дадатак біскуп Алег Буткевіч звярнуўся да слоў Папы Францішка, які заклікае змагацца з абыякавасцю да сваіх абавязкаў. «Калісьці нам трэба будзе зрабіць справаздачу перад Панам, дзе будзе бачна, наколькі добра мы з вамі чынілі», — сказаў іерарх. Напрыканцы гаміліі біскуп яшчэ раз падкрэсліў, як Божае слова можа перамяняць свет: «Зараз мы жывем у грамадстве, якое мае шматлікія праблемы, пачынаючы ад штодзённых бытавых справаў і скончваючы палітычнымі. Але ёсць мудрасць Божая, якая можа падказаць, што вырашэнне гэтых справаў палягае ў тым, наколькі мы зможам дапамагчы зразумець людзям, што трэба жыць Божым словам». Біскуп падкрэсліў, што духоўныя асобы ў Беларусі працуюць у тых умовах, дзе народ яшчэ шукае Божага слова, таго Слова, якое калісьці стварыла магутную цывілізацыю. У сувязі з гэтым біскуп заахвоціў духоўных асобаў не быць абыякавымі да сваіх штодзённых абавязкаў, якія заключаюцца не толькі ў своечасовым удзяленні сакрамэнтаў, але і ў тым, каб памятаць, што ёсць людзі, якія яшчэ чакаюць, якіх трэба шукаць, якім трэба ўдзяліць сваю ўвагу і прысвяціць час, каб адкрыць шлях да святыні, Бога і Яго слова. Аксана Ючкавіч Фота Аляксандры Шчыглінскай |
Фотарэпартаж |