На Глыбоччыне ўзгадалі благаслаўлёных святароў з Беразвечча |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
06.03.2015 11:17 |
Вернікі парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім 4 сакавіка сабраліся ва ўрочышчы Барок недалёка ад горада, каб ушанаваць памяць мучанікаў Другой сусветнай вайны, сярод якіх былі святары Мечыслаў Багаткевіч, Станіслаў Пыртак і Уладзіслаў Мацьковяк. Парафіяне прыбылі з нагоды 73-й гадавіны мучаніцкай смерці благаслаўлёных святароў, каб ушанаваць іх светлую памяць і праз іх заступніцтва прасіць Бога аб патрэбных ласках. Святую Імшу цэлебраваў кс. Славамір Самковіч. У гаміліі святар зазначыў, што закатаваныя душпастыры, якія аддалі ў гэтым месцы сваё жыццё, — яскравы прыклад тых, аб якіх кажа Хрыстус. «На Глыбоцкай зямлі яны яскравыя сведкі. За ўсю вайну сваё жыццё аддалі шматлікія праваслаўныя і каталіцкія святары. Гэтыя благаслаўлёныя ксяндзы — гераізм веры, веры Глыбоцкай зямлі, якую яны прадставілі, якую прадставілі тысячы людзей, якія не хацелі ў той час сваёй смерці. Але, па словах Хрыста, праўдай гісторыі нашага збаўлення з’яўляецца тое, што атрымліваюць гэтае месца тыя, каму яго вызначыў сам Бог. Наша жыццё з’яўляецца просьбай, мы просім аб збаўленні душы, аб ласцы навяртання. Гэта просьба, якую можна параўнаць да той радасці Валадарства Нябеснага. Гэта гісторыя, якая запісана крывёю, гісторыя, якая ўжо 73 гады прамаўляе да нас. Тое, што мы сёння молімся на гэтым месцы — гэта памяць, найлепшае, што можа быць, а жыццё і ахвяра — гэта праяўленне найбольшай любові, да якой можа дайсці чалавек, — такія словы скіраваў да прысутных кс. Славамір Самковіч і пасля дадаў: — Вельмі добра, што ёсць такая традыцыя збірацца на гэтым месцы, каб аддаваць пашану святарам». Паводле catholicnews.by, (AYU) |