Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Генерал Ордэна дамініканаў наведаў Віцебск
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
09.03.2015 11:58

8 сакавіка манаскую супольнасць айцоў дамініканаў у Віцебску — законны дом благаслаўлёнага Міхала Чартарыскага ОР — наведаў з візітацыяй генерал Ордэна дамініканаў айцец Бруно Кадарэ ОР. У межах візіту айцец генерал наведаў парафіяльную Імшу суму, падчас якой прамовіў гамілію.

На пачатку Імшы айца генерала прывітаў пробашч парафіі і прыёр супольнасці дамініканаў у Віцебску айцец Кшыштаф Коц’ян ОР, адзначыўшы, што для парафіі гэта вялікая падзея: «Я перакананы, што ў Віцебску гэта першы візіт генерала дамініканаў, прынамсі за апошнія 200 гадоў».

Гісторыя Ордэна дамініканаў у Віцебску налічвае некалькі стагоддзяў. Ужо ў XVIII ст. у Віцебску быў заснаваны кляштар дамініканаў, аднак у 1832 г. царскія улады зачынілі яго і выгналі манахаў. Дамінікане вярнуліся сюды толькі ў 1990 годзе, калі ў Віцебск прыехаў служыць айцец Януш Скэнчэк ОР.

У гаміліі, звяртаючыся да першага літургічнага чытання і нагадваючы, што вернікі вельмі часта чуюць слова «вольнасць», айцец генерал адзначыў, што «гісторыя Божага народа — гэта гісторыя свабоды». Па словах айца Бруно Кадарэ, абраны народ выйшаў з Егіпта, каб пакланіцца Богу: «ён быў у няволі, і Бог вывеў яго з гэтай няволі». Айцец генерал падкрэсліў, «наколькі лёгка ўпасці ў гэтую нявольнасць — не ў няволю фараона, а ў няволю незадаволеных патрэбаў, у няволю нашых жаданняў, у няволю таго, што мы хочам мець яшчэ больш, у няволю хлуслівых багоў, якія займаюць наш розум».

 

Кажучы пра ўрывак з Евангелля, дзе Езус выганяў са святыні гандляроў, айцец генерал адзначыў: «З Богам нельга гандлявацца. І калі мы набліжаемся да Бога, робім гэта не дзеля таго, каб нешта прадаць Яму, але дзеля таго, каб прыняць. І трэба быць вольным, каб быць здольным прыняць».

«Часта мы не ведаем, як практыкаваць Вялікі пост. Мы робім пэўныя намаганні, але думаем, што робім іх, каб нешта купіць ці заслужыць у Бога. Першае чытанне ў сённяшняй літургіі кажа нам, што вольнасць — гэта падарунак саюзу з Богам, і твая вольнасць прыйдзе менавіта з гэтага дару. А са святым Паўлам мы можам сказаць, што наша вольнасць – гэта крыж Хрыста, ці, інакш, нашая хвала ў той любові, якая праяўляецца на крыжы. Наша хвала – гэта Хрыстус укрыжаваны і ўваскрослы, і гэта Ён наша вольнасць», — падкрэсліў айцец генерал.

Айцец Бруно Кадарэ нарадзіўся 14 красавіка 1954 г. у Францыі. У Ордэн дамініканаў уступіў, атрымаўшы прафесію медыка. Першыя манаскія шлюбы склаў 18 верасня 1980 г. Пасля сканчэння тэрміну навіцыяту два гады працаваў на Гаіці, арганізуючы там медыцынскую дапамогу.

Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 28 верасня 1986 г. у Ліле. Пэўны час быў адказным за фармацыю маладых манахаў. У 1992 г. абараніў доктарскую дысертацыю ў галіне маральнай тэалогіі. Спецыялізаваўся ў сферы біяэтыкі і стаў прызнаным экспертам у гэтай галіне.

Ад 28 снежня 2001 г. кіраваў французскай правінцыяй дамініканаў. 5 верасня 2010 г. сабраная ў Рыме 290-я генеральная капітула дамініканаў абрала яго новым генералам ордэнa.   

Кацярына Лаўрыненка

 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў