Віцебскія ўдзельнікі «Легіёна Марыі» аднавілі прысягу Маці Божай |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
30.03.2015 11:53 |
28 сакавіка ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску адбыўся ўрачысты сход Легіёна Марыі Віцебскай курыі — Acies. Acies — гэта назва баявога строя падраздзяленняў арміі ў Старажытным Рыме. Гэтая ж назва падыходзіць да цырымоніі прысвячэння Панне Марыі легіянераў, якая адбылася на святой Імшы, калі легіянеры аднаўлялі прысягу на вернасць Царыцы Легіёна, каб атрымаць сілу і благаслаўленне на працягванне духоўнай барацьбы супраць зла. Урачысты сход быў арганізаваны Віцебскай курыяй «Беззаганнага зачацця Панны Марыі», якой кіруе а. Кшыштаф Кос’ян ОР. На ім прысутнічалі члены Прэзідыума «Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі» (утвораны ў 1996 годзе) і Прэзідыума «Маці Божай Міласэрнасці» (утвораны ў 2013 годзе). Урачысты сход пачаўся з гімна і пачатковых малітваў Легіёна, уключаючы Ружанец. Затым адбылася святая Імша, якую цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Гамілію прамовіў а. Кшыштаф Кос’ян ОР, які ў ёй звярнуў увагу на тое, што легіянеры не павінны быць падобнымі да фарысеяў, якія імкнуліся трымаць усё пад кантролем, не давяраючы Богу. Святар заклікаў ісці за Марыяй, якая ўсё давярала Богу, а не імкнулася кантраляваць, і падкрэсліў, што не варта імкнуцца думаць маштабна, ратуючы ўвесь свет, але трэба браць прыклад з Божай Маці, якая, напоўненая Божай ласкай і з Езусам ва ўлонні, дапамагае сваёй сваячцы Альжбеце, робячы добро лакальна.
Напрыканцы Імшы была арганізавана працэсія да статуі Панны Марыі. Дайшоўшы да сцяга Легіёна, кожны легіянер спыняўся і, паклаўшы руку на дрэўка сцяга, прамаўляў асабістае прысвячэнне: «Я ўвесь Твой, Царыца і Панна Мая, і ўсё, што я маю, належыць Табе». Затым усе, стоячы, прачыталі малітву «Ланцугі Легіёна». Святая Імша скончылася пастырскім благаслаўленнем біскупа Алега Буткевіча, пасля чаго былі прачытаны заключныя малітвы Легіёна. Сустрэча легіянераў працягнулася ў кавярні касцёла, на якой прысутнічаў і біскуп Алег Буткевіч. Легіянеры падзяліліся сваімі ўражаннямі ад працы, гісторыяй стварэння Легіёна Марыі ў Віцебску і праславілі духоўнымі спевамі Панну Марыю. Галіна Кухтава |
Фотарэпартаж |