Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Алег Буткевіч на Пальмовую нядзелю: «Мы маем магчымасць, каб даць Богу шанец праявіць сваю моц у нашым жыцці»
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
30.03.2015 12:54

 

29 сакавіка, у Пальмовую нядзелю, якая распачынае ў Касцёле Вялікі тыдзень, шматлікія вернікі Віцебска сабраліся ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага на ўспамін урачыстага ўезду Езуса Хрыста ў Ерузалем. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. 

На пачатку Імшы біскуп асвяціў упрыгожаныя вербы вернікаў, пасля чаго ўзначаліў працэсію вакол касцёла. З аднаго боку гэтая працэсія з’яўляецца напамінам аб трыумфальным уездзе Езуса ў Ерузалем, з другога боку — Народ Божы крочыць разам з Езусам да ахвяры, якой сёння з’яўляецца святая Імша. Удзел вернікаў у літургіі Пальмовай нядзелі азначае згоду на крыж і цярпенне з Езусам Хрыстом, які даў надзею вечнага жыцця.

«Параза можа стаць момантам перамогі»

У гаміліі біскуп Віцебскі падкрэсліў, што гэтая нядзеля называецца Пальмовай нядзеляй Мукі Пана. Іерарх дадаў, што варта гэта параўнаць з трыумфам Езуса, якога добра ведалі ў той зямлі, дзе Ён учыніў столькі цудаў, казаў навуку, а пры гэтым добра ведаў, што Яго чакае ў Ерузалеме.

«Але разам з тым уся гэтая трагедыя Яго зямнога, чыста людскога жыцця — яна таксама з’яўляецца трыумфам. Пасха нашага Збаўцы — гэта перамога. І сёння нам, вернікам, варта гэта ўсвядоміць, бо часта мы аказваемся ў сітуацыі паразы ў нашым жыцці — перад абліччам цяжкой невылечнай хваробы, маем праблемы ў адносінах з нашымі блізкімі ці фінансавыя цяжкасці. Гэта параза, здавалася б, перакрэслівае нашае жыццё. Але з пункту гледжання духоўнага, з пункту гледжання веры яна можа быць момантам перамогі, момантам, калі чалавек пачынае інакш глядзець на сваё жыццё і, штосьці зразумеўшы, зможа яго змяніць. І што вельмі важна, можа зрабіць гэта, але не сам», — сказаў біскуп.

 

«Мы маем магчымасць, каб даць Богу шанец праявіць сваю моц у нашым жыцці»

«Мы трымаем у руках знак праслаўлення — вербныя галінкі, каб паказаць, што Езус збаўляе гэты свет, а не мы самі. Прайграючы чыста па-чалавечы, самі мы нічога не можам зрабіць, бо аб’ектыўна нашыя магчымасці вельмі абмежаваныя, але мы маем магчымасць даць Богу шанец прявіць сваю моц у нашым жыцці. І вось сёння ў чарговы раз Езус хоча нам гэта паказаць, што не мы збаўляем гэты свет, не мы перамагаем. Калі ж штосьці ідзе не так, як трэба, то гэта, напэўна, таму, што мы маем малы давер да Езуса, нам не хапае веры, мы недастаткова спадзяемся на Ягоную моц», — падкрэсліў іерарх.

Юда, які не паверыў у Божую любоў

Кажучы пра вербныя галінкі, біскуп нагадаў, што сёння вернікі трымаюць у руках той самы знак, якім у свой час віталі Хрыста, «але няхай гэты знак прыгадае нам, што адбылося пазней. Тыя самыя людзі, якія слухалі навукі Езуса Хрыста, — праз некаторы час будуць патрабаваць Ягонай смерці. Але Езус ведаў, што адбудзецца далей. Ён ведае кожнага з нас, і мы, якія зараз знаходзімся у касцёле, можам адвярнуцца ад Яго, можам зноў упасці ў грэх, але Езусу гэта не перашкаджае. Менавіта дзеля гэтага Ён прыйшоў у свет, каб дапамагчы нам з гэтага граху выйсці. Горш, калі мы станем абыякавымі, калі махнем рукой на сваё духоўнае жыццё, калі вырашым, што мы нічога ўжо не зможам змяніць і ў нас ужо нічога не атрымаецца. Вось тады мы можам пайсці ўслед за Юдам Іскарыётам, які проста не паверыў у Божую міласэрнасць, у Божую любоў», — нагадаў іерарх.

Пётр, які паверыў у Божую міласэрнасць

«І разам з тым маем святога Пятра, які таксама адрокся ад Езуса — тройчы паўтарыўшы: “не ведаю гэтага чалавека”. Святы Пётр сказаў праўду, ён сапраўды не ведаў да канца Езуса Хрыста. Так, ён бачыў вялікія знакі, слухаў навуку, больш за тое, быў прызначаны Езусам Хрыстом як фундамент будучага Касцёла, і не ведаў Яго. Але святы Пётр паверыў у Ягоную міласэрнасць, паверыў у Ягоную любоў да грэшнага чалавека — і гэтая любоў яго ўратавала. І мы з вамі знаходзімся ў гэтай жа сітуацыі. Таму няхай гэтая вербная галінка, якую прынясем дадому, нагадвае нам, кім мы ёсць перад Богам. Каб Езус Хрыстус быў нашым Валадаром, каб мы запрашалі Яго ў кожны момант нашага жыцця. А калі нам здарыцца адвярнуцца ад Яго — каб мы ніколі не сумняваліся ў Ягонай міласэрнасці», — працягваў біскуп.

«Мы не ведаем, чаму мы чынім зло і чаму гэта робяць іншыя людзі. Але паколькі мы можам разлічваць на міласэрнасць з боку Бога, то і самі павінны аказваць гэтую міласэрнасць іншаму чалавеку. Езус чакае ад нас навяртання», — падкрэсліў біскуп.

 

Прабачэнне, якое ставіць нас у праўдзе перад Богам

«Ён зноў і зноў скіроўвае да нас пытанне — ці ты Мяне любіш, як у свой час пытаўся ў святога Пятра. Напэўна, мы Яго любім і маем у сабе добрую волю, якую Езус няхай заўсёды ўмацоўвае сваёй ласкай. Каб мы, нават стоячы на Кальварыі, не былі падобныя да тых, што кпілі з Езуса, патрабавалі ад Яго да апошняга моманту знаку. Таму, вяртаючыся з гэтай Галготы, як тыя людзі, што білі сябе ў грудзі і прасілі прабачэння, і мы будзем прасіць прабачэння — за саміх сябе, за нашых блізкіх, за тых людзей, якія не ведаюць яшчэ Хрыста. Бо гэтага прабачэння патрабуе свет, патрабуем і мы з вамі. Гэтае прабачэнне паставіць нас у праўдзе перад Богам, перад намі самімі, і гэтая праўда ўчыніць нас свабоднымі. І гэтая праўда, Божая праўда пра нас саміх, калісьці дазволіць нам сапраўды цешыцца гэтым трыумфам Езуса Хрыста, які прыйдзе ў Сваёй хвале, прыйдзе, каб змяніць гэты свет, і нам удзяліць ужо вечную хвалу ў сваім Валадарстве», - сказаў віцебскі ардынарый.

Кацярына Лаўрыненка

 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў