Біскуп Алег Буткевіч: «Важна, каб людзі адчулі патрэбу ўдзелу ў літургіі» |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
01.04.2015 11:54 |
Падчас прэс-канферэнцыі, што прайшла 31 сакавіка ў будынку Віцебскай дыяцэзіяльнай курыі, віцебскі ардынарый біскуп Алег Буткевіч, распавядаючы аб набажэнствах Святога Пасхальнага Трыдууму, адзначыў, што вельмі важна, каб людзі адчулі патрэбу ўдзелу ў літургіі, нагадаўшы, што зараз модна казаць, што я «маю Бога ў сэрцы». «Знакі, устаноўленыя Хрыстом, маюць не толькі сваю сімволіку, але перадусім моц Божай ласкі, якая набліжае нас да найважнейшага ў нашым жыцці — удзелу ў жыцці вечным», — нагадаў іерарх.
Каментуючы «дні без абортаў», біскуп адзначыў, што «вельмі прыемна, што не толькі Касцёл, які па сваёй сутнасці стаіць у абароне чалавечага жыцця — ад натуральнага зачацця да яго натуральнай смерці, і які заўсёды шукае аднадумцаў у грамадстве, але і медыцынскія работнікі выказваюцца ў абарону жыцця — гэта годная ініцыятыва». «Дай Божа, каб гэта не была акцыя толькі аднаго дня. Але каб медыцынскія работнікі, якія даюць клятву Гіпакрата, адказна падыходзілі да таго, што ёсць Божым дарам, бо яны нясуць адказнасць перад грамадствам. Таксама хочацца, каб гэтыя ініцыятывы адбываліся як мага часцей», — дадаў біскуп. Кожная эпоха і час, па словах іерарха, ставяць свае выклікі, на якія Касцёл павінен нейкім чынам адказваць, каб выкарыстаць гэта дзеля свайго служэння, і перадусім для евангелізацыі. «На сённяшні момант такім сродкам, якім павінны ўмець карыстацца святары для евангелізацыі з’яўляецца інтэрнет», — паведаміў біскуп, адказваючы на пытанне, ці маюцца сёння нейкія асаблівыя якасці, якія патрэбны святару ў сучасным свеце.
Кацярына Лаўрыненка Фота аўтара |