У другую велікодную нядзелю Касцёл перажывае свята Божай Міласэрнасці. Свята было ўстаноўлена 15 год таму святым Янам Паўлам ІІ. Лічыцца, што гэта “апошняя саломінка” для грэшнікаў. Езус Хрыстус падчас аб'яўленняў святой сястры Фаўстыне Кавальскай заклікаў маліцца Вяночкам да Божай Міласэрнасці.
Лучайская парафія асаблівым чынам адсвяткавала гэтую нядзелю. Парафіяне, а таксама вернікі з роднай для пробашча Шаркаўшчыны прыбылі ў святыню, каб у гэтае свята паўдзельнічаць у святой Імшы ў інтэнцыі ксяндза Мікалая Ліпскага. 8 гадоў таму ксёндз Мікалай Ліпскі атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук біскупа Уладзіслава Бліна: гэта адбылося на Вялікдзень, 8 красавіка 2007 года.
Падчас літургіі ксёндз Мікалай Ліпскі дзякаваў Богу за дар святарства і за тых людзей, якіх Пан ставіць на яго жыццёвым шляху. Землякі, каб выказаць сваю падтрымку, падрыхтаваліся да гэтай падзеі. Шаркаўшчынская паэтка Кацярына Сосна спецыяльна да яе прыўрочыла верш-пажаданне святару. Карціна з рамонкаў – кветак, сімвалізуючых чысціню, пакорлівасць, самаахвярнасць, вышытая стужкамі, – была таксама падарункам да гэтага дня. Ксёндз Мікалай Ліпскі атрымаў таксама кветкі і песню "Настаўнік" у выкананні моладзі.
Пасля святой Імшы адбылася сустрэча з госцем Андрэем Хадановічам. Пробашч, прадстаўляючы парафіянам гэтага знакамітага беларуса, сказаў, што цяжка пералічыць усе яго тытулы: паэт, музыкант, перакладчык, пісьменнік. Акрамя гэтага, Андрэй Хадановіч выкладае гісторыю французскай літаратуры на філалагічным факультэце БДУ, з'яўляецца членам Саюза беларускіх пісьменнікаў, з 2008 году – старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра. Творчасць Хадановіча адрозніваецца багатай і разнастайнай мовай, стылістычнымі эксперыментамі, іранічнасцю стылю. У выступленні паэт і музыкант выканаў разнастайныя творы са свайго рэпертуару. Гледачы адудзячылі выканаўцу апладысментамі і кветкамі.
На развітанне святар благаславіў прысутных на добрае вяртанне дадому і традыцыйна запрасіў на наступны фэст і адпустовую ўрачыстасць у гонар святога Андрэя Баболі, якая пройдзе 16 мая.
Алена Клімза-Колтан
Фота luchai.by
|