Сустрэча, прысвечаная першай гадавіне кананізацыі і 95-й гадавіне нараджэння св. Яна Паўла II, адбылася ў Віцебску |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
|
28.04.2015 10:16 |
26 красавіка, у Нядзелю Добрага Пастыра, у культурна-рэлігійным цэнтры віцебскага катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага пад патранажам пробашча парафіі ксяндза Адама Дынака адбылася чарговая сустрэча «Кожны талент ад Бога», прысвечаная першай гадавіне кананізацыі і 95-й гадавіне з дня нараджэння святога Яна Паўла II.
Падчас сустрэчы ўзгадвалася роля Пантыфіка ў аднаўленні Касцёла ў Беларусі, значнасць яго асобы ў духоўным узрастанні чалавецтва, адзначаўся уплыў на развіццё і пашырэнне хрысціянскіх традыцый у краінах постсавецкай прасторы, на мацаванне сусветнай каталіцкай супольнасці. Цэнтральным момантам імпрэзы стала акцыя перадачы касцёлу Езуса Міласэрнага пастэльнай працы «Майскі сад. Партрэт Яна Паўла II». Аўтар шчодрага падарунка – вядомы віцебскі мастак, удзельнік шматлікіх пленэраў і выставаў, прафесар кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Вячаслаў Шамшур. Ён распавёў прысутным пра абставіны стварэння такой незвычайнай працы, пра тыя ўнутраныя матывы, што спрыялі яе з’яўленню на свет, натхнялі падчас творчага працэсу.
Сваім бачаннем адметнасцяў партрэта Яна Паўла II ў выкананні мастака падзяліліся з удзельнікамі сустрэчы старшыня віцебскай філіі Саюза беларускіх мастакоў Святлана Баранкоўская, мастацтвазнаўца Міхась Цыбульскі, загадчык аддзела мастацтва абласной бібліятэкі Вольга Дарафеева. Ксёндз Адам Дынак ад імя парафіяльнай супольнасці падзякаваў аўтару за падарунак і выказаў надзею на далейшае супрацоўніцтва з людзьмі мастацтва і культуры рэгіёна ў справе папулярызацыі духоўных здабыткаў Касцёла.
Не абышлося і без твораў з літаратурнай спадчыны Яна Паўла II, якія з вялікім майстэрствам прачыталі па-беларуску выкладчыца польскай мовы Нэля Зайцава і яе таленавітая вучаніца, лаўрэатка многіх конкурсаў дэкламатараў Яна Латыш.
Мар’ян Дробыш
|