Адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і малітвай на ружанцы ў інтэнцыі мужчын Беларусі — мужоў, бацькaў і сыноў — распачалася чарговая сустрэча мужчын у Росіцы 2 мая. У гэты дзень мужчыны Беларусі сабраліся разам на малітве, каб прасіць заступніцтва благаслаўлёных росіцкіх пакутнікаў і св. Юзафа ў выкананні сваіх штодзённых абавязкаў.
Галоўным цэлебрантам быў айцец Віталь Сапега ОР, душпастыр сем’яў Віцебскай дыяцэзіі. У гаміліі святар звярнуўся да постаці Абрагама, айца Абранага Народу, якому Бог паабяцаў даць столькі патомства, колькі зорак на небе. Айцец Віталь Сапега звярнуў увагу, што ў Бібліі Бог звяртаецца менавіта да мужчыны, увесь час вядзе дыялог з мужчынамі, разлічвае на іх. Святар падзяліўся ўспамінам аб знаходжанні ў Віфлееме, дзе ўбачыў шмат мужчын-мусульман, якія маліліся. «Калі б я ўбачыў такую карціну ў Беларусі – што шмат мужчын-католікаў моліцца разам – для мяне гэта была б вялікая радасць», — сказаў святар і падкрэсліў, што «мужчыну належыць быць рэлігійным», «гэта мужчынская справа». Таксама айцец Віталь Сапега адзначыў, што няма чаму здзіўляцца, што ў падобным грамадстве няма такога паняцця, як аборт: там жанчыны не баяцца нараджаць, бо мужчына бярэ адказнасць за сям’ю. Пасля святой Імшы да прысутных звярнуўся айцец Чэслаў Курэчка МІС, апякун месца смерці благаслаўлёных пакутнікаў, падзякаваўшы мужчынам за тое, што ў гэты веснавы час, калі так шмат працы на гародах, яны прыехалі ў гэты дзень у Росіцу, знайшоўшы час на малітву. «Як прыгожа выглядае мужчына, калі моліцца», — сказаў святар.
Таксама айцец Чэслаў Курэчка нагадаў, што святы Юзаф і Найсвяцейшая Панна Марыя пражылі свае зямное жыццё, ведаючы, як цяжка зарабляецца кавалак хлеба. Святар прыгадаў успамін з дзяцінства, калі ягоны бацька браў у рукі ружанец і маліўся ўвечары — «як гэта прыгожа выглядала». «Малітва асвячае нашыя думкі і нашыя сэрцы», — дадаў святар.
Падчас канферэнцыі айцец Віталь Сапега адзначыў, што мужчынам вельмі важна час ад часу збірацца разам. Святар звярнуў увагу, што сёння ў грамадстве мы перажываем крызіс бацькоўства, вялікія праблемы прыносіць злоўжыванне алкаголем. «Пан Бог так запланаваў, каб мужчына выконваў сваю ролю, але мужчыны ўсё больш знікаюць, бо мужчына згубіў кантакт з Богам, і ў выніку сваю тоеснасць», — заўважыў святар і прыгадаў, што ў жанчыну прырода як бы заклала яе тоеснасць, якую яна адкрывае, нараджаючы дзіця.
«Мужчыну нашмат складаней. Каб быць мужчынам – трэба мець добры прыклад, прыклад бацькі, а калі хлопец не знойдзе гэтага ў сям’і – то будзе шукаць гэта дзесьці на баку, а там можна знайсці і крымінальны прыклад, — адзначыў святар. — Мужчына павінен памятаць, што на яго глядзяць хлопцы, якія шукаюць аўтарытэту, прыкладу, як мужчына павінен сябе паводзіць. Чым больш нармальных мужчын – тым больш нармальнае грамадства. Зараз мы перажываем гэты крызіс – але кажам гэта не дзеля таго, каб скардзіцца, а каб мы браліся за працу, каб не змарнавалі нашую місію ў жыцці».
Айцец Віталь Сапега звярнуўся да Святога Пісання, акрэсліўшы на яго падставе, якім Бог жадае бачыць мужчыну ў жыцці, якую ролю ён павінен выконваць. Стварыўшы Адама і памясціўшы яго ў Эдэм, Бог даў яму заданне – даглядаць гэты сад, і адсюль вынікае першае заданне мужчыны — каб ён перамяняў гэты свет. «І трэба задаць сабе пытанне: ці я сапраўды ўдзельнічаю ў перамене гэтага свету – ці я нешта ўпрыгожваю, раблю, перамяняю ў сваёй сям’і», — заклікаў святар. Другое заданне мужчыны, па словах а. Сапегі — ведаць глыбіню і сутнасць рэчаў, мужчына павінен дакладна асэнсоўваць іх сутнасць. Святар нагадаў, што святы Рыгор Ніскі акрэсліў яшчэ два заданні мужчыны, параўноўваючы яго да касулі і аленя. Калі дзесьці знаходзіцца стада касуляў, то адна заўсёды ўзіраецца ўдалечыню, каб убачыць небяспеку; і заданне мужчыны — быць чуйным, бачыць небяспеку. Чацвёртае заданне мужчыны – як алені тапталі змеяў, так і мужчына павінен быць адважным і моцным, каб знішчаць зло.
Айцец Віталь Сапега звярнуў увагу, на чым базуецца вера мужчыны. «Калі мужчына лагічна давядзе, што Пан Бог існуе – ён моцна паверыць. Мужчына павінен адкрыць гэты парадак, гэтую логіку, — сказаў святар. — Ведаць, што Бог існуе, і паверыць Богу – гэта дзве вялікія розніцы».
Святар таксама звярнуў увагу, што менавіта ў прысутнасці Бога мужчына адкрывае свае пакліканне – апекавацца, бараніць сваю сям’ю; нагадаў, што некаторыя багасловы кажуць, што жанчына была створана дзеля таго, каб зламаць адзіноту мужчыны ў свеце, дапамагчы яму адкрыць Бога.
Святар нагадаў аб яшчэ адной праблеме нашага грамадства — інфантылізме, адзначыўшы, што мужчынскасць забівае матрыярхальная сістэма; калі ў людзей забралі Бога, то жанчына пачала абагаўляць сваіх дзяцей, а мужчына адышоў на другі план. Гэтае абагаўленне, па словах святара, не дае хлопцу пасталець; яму трэба выйсці з дому, каб пасталець і загартавацца — калі ж гэтага не адбываецца, тады бацькі нішчаць сваіх дзяцей.
Частку канферэнцыі айцец Віталь Сапега прысвяціў постаці св. Юзафа, якога Касцёл узгадваў у літургіі напярэдадні. Святар заўважыў, што ў Святым Пісанні Юзаф не прамовіў ніводнага слова, але ягоная роля была проста велізарнай; гэта сапраўдны мужчына, чалавек справядлівы — што значыць поўны цнотаў. Святар звярнуў увагу, як святы Юзаф павінен быў верыць Богу, каб прыняць Дзіця, зачатае ва ўлонні Панны Марыі, і што, хочучы аддаліць Марыю, ён такім чынам узяў адказнасць на сябе.
Святар звярнуў увагу і на мужнасць святога Юзафа, які, збягаючы разам з Марыяй і Дзіцяткам у Егіпет, павінен быў не баяцца ехаць праз пустыню, прыйсці ў незнаёмае месца і паклапаціцца там пра сваю сям’ю. Такім чынам, падкрэсліў святар, Юзаф з’яўляецца ўзорам сапраўднага мужчыны.
«Варта адкрыць гэтага святога, калі нехта мае праблемы ў сям’і, варта да яго маліцца», – заклікаў айцец Віталь Сапега і падкрэсліў, што заўважана, што мужчыны, якія моляцца святому Юзафу, становяцца ўнутрана больш прыгожымі, больш шляхетнымі і далікатнымі.
Пасля малітвы быў час на адпачынак, калі мужчыны сабраліся ля вогнішча, каб паразмаўляць разам у мужчынскім коле. Многія прыязджаюць сюды ўжо не першы раз, як Андрэй Журомскі, які на сустрэчу прывёз і сваіх сыноў. «Гэта добрая нагода падзяліцца досведам сямейнага побыту, даведацца нешта новае», — кажа ён.
Айцец Чэслаў Курэчка запрасіў усіх прысутных палюбавацца непаўторнымі росіцкімі краявідамі, рознакаляровымі цюльпанамі, якія пачалі расквітаць. З гонарам святар прадэманстраваў ружова-аранжавыя цюльпаны каля плябаніі – падарунак для Росіцы біскупа Віцебскага Алега Буткевіча.
Напрыканцы мужчыны ўзяліся за працу, каб дапамагчы айцу Чэславу Курэчку ва ўпрыгожанні Росіцы. Гэтай працы заўсёды вельмі шмат, і падчас такой сустрэчы яна вельмі дарэчы.
Кацярына Лаўрыненка
|