Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сустрэча для жанчын прайшла ў Росіцы
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
11.05.2015 15:30

9 мая маці, жонкі і дочкі ў чарговы раз сабраліся ў Росіцы, каб разам маліцца, просячы патрэбных ласкаў для сябе і сваіх сем’яў. Месяц май асаблівым чынам прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі, таму сустрэча пачалася маёвым набажэнствам.

Варта дадаць, што ў гэты час Росіца «ўспыхнула» сотнямі чырвоных агенчыкаў – у вёсцы заквітнелі цюльпаны.

9 мая святкавалася 70-годдзе Перамогі над фашызмам у Другой сусветнай вайне, таму жанчыны, якія прыехалі ў Росіцу, разам з мясцовымі жыхарамі прынялі ўдзел у мітынгу з нагоды гэтай даты. Айцец Чэслаў Курэчка МІС, апякун месца пакутніцкай гібелі благаслаўлёных росіцкіх мучанікаў і пробашч росіцкай парафіі, памаліўся ў інтэнцыі загінуўшых у вайне і асабліва за ахвяраў росіцкай трагедыі 1943 года. Дзяўчаты з Барысава праспявалі «Crucem Tuam».  

Падчас святой Імшы айцец Віталь Сапега ОР, душпастыр сем’яў Віцебскай дыяцэзіі, у гаміліі прыгадаў урывак з Евангелля, калі Езус заклікае сваіх вучняў-апосталаў, кожнага клічучы па імені. Святар звярнуў увагу на тое, што тут феміністкі могуць задаць пытанне: Ці не дыскрымінуе Пан Бог такім чынам жанчыну? Бо ў ХХ стагоддзі жанчына стала дабівацца роўнасці з мужчынам, нават паляцела ў космас». Але, па словах святара, той, хто ўважліва чытае Святое Пісанне, можа заўважыць, што на самой справе жанчын у Евангеллі шмат. Святар падкрэсліў, што калі Езус заклікае вучняў, то робіць цуды – «каб мужчына паверыў, яму трэба было зрабіць цуд». «А вось да жанчын Ён звяртаецца, прамаўляючы да іх сэрца. Жанчыны ідуць туды, дзе ёсць любоў — Бог з’яўляецца любоўю», — падкрэсліў святар.

Айцец Віталь Сапега звярнуў увагу, што хаця Хрыстус і не кліча жанчын за сабою, яны заўсёды прысутнічаюць побач з Ім. Менавіта жанчыны, калі вучні яшчэ хаваюцца, спалоханыя, ідуць раніцай, калі яшчэ цёмна, да гроба, дзе пахаваны Езус, і «Ён ім аб’яўляецца – бо немагчыма, каб Ён не аб’явіўся тым, хто Яго шукае». Па словах святара, аб’яўляючыся першым менавіта жанчыне і кажучы, каб яна абвясціла пра гэта Ягоным вучням, Езус заклікае жанчыну быць першым апосталам.


Святар звярнуў увагу на тое, што сёння людзі часта «губляюць сваю тоеснасць, сваё пакліканне», «часта не ведаюць, навошта яны створаны, губляюць сэнс жыцця, шмат і тых, хто не ў стане прыняць свой пол, цешыцца самім сабою», у той час як «Пан Бог стварыў нас да шчасця, каб мы цешыліся сабою, бачылі, да чаго мы пакліканыя». «Тут прыкладам з’яўляецца Найсвяцейшая Панна Марыя – ціхая, пакорная, а таксама шчаслівая – сапраўдная жанчына, сапраўдная маці. І калі хтосьці мае клопаты з прыняццем сябе, стомлены абавязкамі, калі яму не хапае радасці жыцця, — трэба звяртацца да Найсвяцейшай Панны Марыі і вучыцца ад Яе, што значыць быць сапраўднай жанчынай, сапраўднай маці», — дадаў святар.  

Ужо стала традыцыяй, што жанчыны прыязджаюць на такія сустрэчы з падарункам для ўпрыгожвання Росіцы. Гэтым разам прадстаўніцы мінскай пілігрымкі падаравалі айцу Чэславу Курэчку рададэндроны.

Таксама айцец Віталь Сапега прамовіў да жанчын канферэнцыю. Святар звярнуў увагу на тое, што мужчыны і жанчыны розныя, і прыгадаў назву кнігі «Жанчына з Венеры, а мужчына з Марса», пры гэтым падкрэсліўшы, што Бог стварыў мужчыну і жанчыну, каб яны адорвалі адно аднаго, бо ўзаемна патрабуюць адно аднаго.

Святар звярнуў увагу, што «пакліканне жанчыны – упрыгожваць гэты свет», а таксама паспрыяць таму, каб яе мужчына стаў больш высакародным больш адухоўленым; прыгадаў, што многія знакамітыя людзі дзякуюць сваім жонкам за тое, што яны робяць для іх. «Жанчына  выконвае заўсёды тое, што не бачыць мужчына», — адзначыў святар.

Айцец Віталь Сапега заўважыў, што «гэтае імкненне да прыгажосці – туга па страчаным раі, і жанчына гэта ўвесь час аднаўляе ў імкненні быць прыгожай і ўпрыгожваць свет», але «Езус прапануе больш прыгожы рай – разам з Айцом у небе»; «чалавечая прыгажосць прамінае, а ў Нябесным Валадарстве чалавек будзе непаўторны, прыгожы духоўна і цялесна – пераменены».
 
Святар адзначыў, што вялікім пакліканнем жанчыны з’яўляецца любіць і быць любімай. Марыя Магдалена выцірае ногі Езусу валасамі і мажа іх алеем – бо, па словах святара, ведае, што Ён ёсць любоў, Ён любіць яе безварункова, Бог — гэта жыццё і любоў.


Таксама, дадаў а. Віталь Сапега, пакліканнем жанчыны ёсць нараджэнне дзяцей, і гэта яе прывілей. Святар узгадаў словы св. Яна Паўла ІІ, што «нараджэнне найбольш упрыгожвае жанчыну», а таксама прыгадаў, што ў Віфлееме знаходзіцца адзіны абраз Маці Божай, якая ўсміхаецца – Яна толькі што нарадзіла, і «гэта радасць жанчыны, якая цешыцца  з’яўленню новага жыцця». Святар падкрэсліў, што роля маці – «адорваць сваё дзіця безумоўнай любоўю», і нагадаў аб важнасці поўнай сям’і, дзе жонкі павінны дацэньваць і шанаваць сваіх мужоў, а дзеці – бацьку.

Кажучы аб ролі жанчыны ў грамадстве і Касцёле, айцец Віталь Сапега нагадаў, што «каб дапамагаць вырашаць праблемы іншых, трэба навучыцца вырашаць свае», звярнуў увагу, што цяжэй за ўсё выхаваць дзіця – гэта значыць нарадзіць яго маральна, выхаваць для Бога, і гэта заданне бацькоў – «навучыць дзіця выбіраць, дзе дабро, а дзе зло, і ісці дарогай дабра, нягледзячы на тое, што дарога дабра вельмі часта цяжкая і на ёй чалавека чакае шмат выпрабаванняў».

Святар звярнуў увагу і на слабасці жанчын, якія нярэдка прыводзяць да праблем, — у прыватнасці, цікаўнасць. Цікаўнасць Евы, заўважыў а. Віталь Сапега, прывяла да першароднага граху; сённяшніх жанчын прыводзіць да заняткаў магіяй, што не з’яўляецца Божай справай. «Калі ў тваім жыцці нешта не атрымліваецца, то трэба маліцца, прасіць дапамогі ў Бога», — заклікаў святар.  

Айцец Віталь Сапега нагадаў і аб праблеме няўстрыманасці языка – калі чалавек пляткарыць, абгаворвае, удзельнічае ў перасудах; перасцярог перад «пустымі словамі, якія не будуюць», і нагадаў, што Марыя моўчкі слухала словы свайго Сына і захоўвала іх у сэрцы – вучылася медытацыі, вучылася пазнаваць Божыя таямніцы. Святар звярнуў увагу і на праблему неўмеркаванага спажывання, калі хочацца купіць усяго шмат і чалавек не ў стане спыніцца. «Трэба маліцца і ведаць, што нам патрэбна, а што не», — адзначыў а. Віталь Сапега.

Напрыканцы святар прыгадаў аб праблеме, калі жанчыны «піляць» сваіх мужоў, што прыводзіць да таго, што тыя не хочуць вяртацца дадому; заклікаў жанчын «дзякаваць Богу за тое, што маем, бо мы гэтага часта не дацэньваем». «Добра, калі мы пазнаём свае абавязкі і стараемся гэтыя заданні выконваць, не ўцякаць ад іх. Радасць у сэрцы з’яўляецца ад глыбіні разумення нашага паклікання, кім мы з’яўляемся. І толькі Бог можа дапамагчы чалавеку пазнаць, кім ён ёсць, да чаго пакліканы і якім павінен быць», — нагадаў святар.

На сустрэчы прысутнічала Валянціна Марцінкевіч, адна з апошніх сведкаў росіцкай трагедыі, якая прачытала жанчынам свае вершы, прысвечаныя гэтай трагедыі.  

На абед айцец Чэслаў Курэчка запрасіў удзельніц у «кавярню “У бусла”», так жартаўліва назваўшы месца пад адкрытым месцам, дзе побач знаходзілася гняздо буслоў. 

Свае спевы прысутным падараваў нядаўна створаны барысаўскі гурт «EMMAUS».

Напрыканцы сустрэчы жанчыны мелі час на адпачынак і размовы, магчымасць атрымаць асалоду ад росіцкай прыгажосці – шматлікіх кветак, высаджаных пробашчам, палёту буслоў над касцёлам і грацыі лебедзяў, якія пасяліліся на росіцкіх вадаёмах. Таксама ў гэты час амаль расцвілі магноліі, якімі айцец Чэслаў Курэчка асабліва ганарыцца, бо гэта сапраўдны цуд, што яны растуць на поўначы Беларусі.
   
Кацярына Лаўрыненка

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў