Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Трэцюю гадавіну смерці кс. Уладзіслава Пятрайціса адзначылі ў Міёрах
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
12.05.2015 15:00

9 мая ў міёрскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча, біскупа і мучаніка, адбылася святая Імша ў трэцюю гадавіну смерці ксяндза каноніка Уладзіслава Пятрайціса, пробашча парафіі ў 1985–2000 гг. Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, памаліцца за душу спачылага прыбылі святары з Міёрскага дэканату і іншых дэканатаў дыяцэзіі.

У гаміліі ксёндз прэлат Аляксандр Рагіня, сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Казахстане, кажучы аб служэнні ксяндза Уладзіслава Пятрайціса, адзначыў, што 1980-1990-я гг. былі пераломнымі ў жыцці Касцёла. «Пасля пераследаў прыходзіць павеў свабоды. Касцёл у Беларусі знаходзіцца ў радаснай сітуацыі, бо адчыняюцца і рамантуюцца касцёлы, але з другога боку гэта адказны час, калі не хапала святароў, не хапала святыняў, дзе вернікі маглі б маліцца. І вось у такі час святой памяці ксёндз Уладзіслаў распачаў сваю душпастырскую працу ў Міёрах, — сказаў святар. — Многія з вас памятаюць, які духоўны энтузіязм напаўняў усіх нас».

Ксёндз прэлат нагадаў аб першых пілігрымках у Будслаў, першых перакладах на беларускую мову літургічных тэкстаў. «Гэта той энтузіязм, той апостальскі дух, які меў ксёндз Уладзіслаў, калі працаваў разам з вамі ў гэтай прыгожай міёрскай парафіі», — адзначыў святар і заклікаў «памятаць таго пастыра, які адчыніў нам дзверы да Хрыста і на зразумелай мове пачаў абвяшчаць Божае слова».

Таксама ксёндз Аляксандр Рагіня нагадаў аб такой рысе характару ксяндза Уладзіслава Пятрайціса, як чалавечнасць. «Мы памятаем яго чалавекам добрым і радасным. Мы амаль ніколі не бачылі яго з ценем злосці, заўсёды з усмешкай. Ён быў гасцінным, заўсёды адкрытым на размову. Вось гэта і ёсць чалавечнасць святара — заўсёды працягнуць руку таму, хто патрабуе тваей дапамогі, простага слова ці проста ўсмешкі. Але варта таксама ўглядацца ў прыклад яго служэння, імкнуцца быць людзьмі пазітыўнымі, быць радаснымі і адкрытымі, не закрывацца ў сабе, не думаць толькі пра сябе саміх, але заўсёды выходзіць насустрач людзям патрабуючым, і не абавязкова матэрыяльна, – бо іншым разам хопіць і аднаго слова, адной усмешкі, каб падарыць чалавеку шчасце. У сённяшнім Евангеллі Езус запрашае нас быць сябрамі і заахвочвае нас рэалізаваць наказ любові. І таму, калі ты хочаш быць шчаслівым – навучыся любіць па-сапраўднаму. А гэта значыць падарыць іншаму чалавеку любоў. Бог ёсць любоў. Тым самым мы дзелімся Богам, тым самым мы становімся сябрамі адзін для аднаго, і тым самым, як кажа Езус, аддаем сваё  жыццё за сяброў», — сказаў святар.


Ксёндз прэлат адзначыў, што не варта разумець паняцце «аддаць жыццё» як тое, што чалавек павінен падставіць сябе пад расстрэл — «варта аддаваць жыццё ў штодзённым: служыць іншаму чалавеку, дапамагчы выходзіць з сітуацыі крызісаў, праблем і цяжкасцяў». «Свет патрабуе не толькі нашага прыкладу жыцця – вось я, такі пабожны, прыйшоў у касцёл, але таксама і нашых учынкаў. Вось і ксёндз Уладзіслаў прагнуў сваімі ўчынкамі рэалізаваць не толькі святарскае пакліканне, але і пакліканне кожнага хрысціяніна — а мы пакліканы ісці за Хрыстом, несці Яго ў свет і дзяліцца любоўю з тымі, хто побач з намі, — падкрэсліў святар. — Таму ў сённяшняй малітве памятаем пра нашага пастыра, які запальваў нашыя сэрцы тым Божым энтузіязмам, каб мы не страцілі яго, каб мы не “затухалі”, каб нас не прыгняталі цяжкасці, але каб мы мелі гэтую перспектыву, былі такімі пазітыўнымі, якім быў ксёндз Уладзіслаў».

Пасля Імшы святары разам з біскупам, а таксама парафіяне памаліліся на магіле ксяндза Уладзіслава Пятрайціса.

Ксёндз Уладзіслаў Пятрайціс нарадзіўся 20 студзеня 1955 г. у в. Пацэнуляй Радвілішкіскага раёна ў Літве. Вучыўся ў духоўнай семінарыі ў Каўнасе. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 14 мая 1985 г. у Жасляі. У лістападзе 1985 г. распачаў працу ў Мёрах, дзе нёс пастырскую паслугу да 2000 г. Падчас службы ў Мёрах гэты святар, літовец па паходжанні, дасканала вывучыў беларускую мову і пачаў прамаўляць на ёй казанні. Займаўся і перакладам малітваў з польскай мовы на беларускую. З’яўляўся арганізатарам першай пешай пілігрымкі з Мёраў у Будслаў у 1992 г. Разам з пісьменніцай і журналісткай Ірынай Жарнасек выдаваў адно з першых беларускамоўных каталіцкіх выданняў — газету “Голас Душы”. Дзякуючы ксяндзу Уладзіславу перад касцёлам у Мёрах быў пастаўлены помнік ненароджанаму дзіцяці, на той час першы ў Еўропе.

Ксёндз Уладзіслаў Пятрайціс вельмі любіў птушак, мноства якіх трымаў у сябе, а таксама кветкі.

З 2000 па 2008 гг. ксёндз Пятрайціс быў адміністратарам парафіі Божага Провіду ў Слабодцы Браслаўскага дэканату. У 2001 г. віцебскі ардынарый біскуп Уладзіслаў Блін менаваў ксяндза Пятрайціса канонікам віцебскай катэдры. З 2008 г. і  па дзень сваёй смерці 9 мая 2012 г. ксёндз Уладзіслаў быў адміністратарам парафіі Божага Цела ў Іказні Браслаўскага дэканату. Службе Касцёлу ў Беларусі аддаў 26 з паловай гадоў і ўсяго некалькі дзён не дажыў да 27-годдзя прэзбітэрскага пасвячэння.

Кацярына Лаўрыненка


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў