13 мая ў глыбоцкім касцёле Святой Тройцы (Віцебская дыяцэзія) адзначалася 30-я гадавіна смерці ксяндза Юзафа Францкевіча, які працаваў там з 7 лістапада 1959 года да апошняга свайго дня — 13 мая 1985 года.
У гаміліі кс. Вячаслаў Пялінак заўважыў: «Ксёндз Францкевіч для ўсіх нас на доўгія гады будзе сімвалам трывання, сімвалам моцы, сімвалам веры і знакам любові да Касцёла. Успамін гэтай даты вучыць вялікай любові да Касцёла. Любіць Касцёл трэба заўсёды».
Мясцовыя вернікі, прадстаўнікі розных пакаленняў, прыйшлі ў святыню, каб памаліцца за супакой душы святара, які самаахвярна служыў Богу і перадаў ім скарб веры.
Ксёндз Юзаф Францкевіч нарадзіўся 24 сакавіка 1912 года ў вёсцы Ельніца ў Польшчы. 15 жніўня 1935 года склаў вечныя шлюбы ў супольнасці айцоў марыянаў. 26 студзеня 1941 года прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. Служыў у парафіях Беларусі. У 1950 годзе быў арыштаваны і асуджаны за «антысавецкую агітацыю». Знаходзіўся ў камеры смяротнікаў. Прайшоў сталінскія лагеры. У 1956 годзе вызвалены датэрмінова. Рэабілітаваны 8 мая 1992 года.
Святар любіў Бога і людзей, не адмаўляў сваёй паслугі кожнаму, хто да яго звяртаўся. Немагчыма злічыць, колькі людзей ён ахрысціў, колькі паяднаў з Богам, колькім удзяліў сакрамэнт сужэнства. У апошнія гады жыцця, нягледзячы на цярпенні, таксама цэлебраваў святую Імшу, з дапамогай міністрантаў узыходзіў да алтара.
Свой апошні спачын ксёндз Юзаф Францкевіч знайшоў на глыбоцкай зямлі, дзе доўгія гады ахвярна нёс служэнне. Памяць пра святара жыве ў сэрцах людзей, якім ён дапамог знайсці шлях да Бога.
Паводле www.strinitas.com (AG) Фота www.strinitas.com
|