Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Андрэй Баболя – Божы знак для нашых часоў: адпустовыя ўрачыстасці прайшлі ў Лучаі
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
18.05.2015 14:01

16 мая парафія ў Лучаі (Віцебская дыяцэзія) адзначала адпустовую ўрачыстасць у гонар святога Андрэя Баболі. Як заўсёды, на ўрачыстасць прыбыло шмат вернікаў. Велічны лучайскі касцёл зноў сабраў пад свае скляпенні сваіх сяброў і пілігрымаў з Паставаў, Шаркаўшчыны, Глыбокага, Мінска і іншых мясцін краіны.

Вядома, што святы Андрэй Баболя з'яўляецца таксама нябесным заступнікам чыгуначнікаў. Каб урачыста адсвяткаваць гэты асаблівы дзень і ўшанаваць рэліквіі апекуна, у Лучай прыбылі і мясцовыя працаўнікі беларускай чыгункі і іх калегі з Гродна, Маладзечна і Мінска разам з душпастырам супольнасці чыгуначнікаў айцом Станіславам, пробашчам парафіі Маці Божай Ларэтанскай у Мінску.


Мясцовая моладзь з каталіцкім гуртом “Laudans” з Мінска правяла напачатку адарацыйныя разважанні і спевы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам ля алтара св. Андрэя Баболі на тэму “Кожны святы – гэта Божы знак для тых часоў, у якія жыве”. Гэта дало вернікам магчымасць паразважаць і задумацца ў гэты час на малітве, усвядоміць, што святы пакутнік Андрэй – Божы знак і для нашых часоў, узор непарушнай веры, якая не адступае і не ломіцца перад абліччам найвялікшага цярпення, не баіцца ані пагроз, ані здзекаў.

Адпустовая літургія распачалася надзвычай урачыста, калі да працэсіі святароў і міністрантаў далучыліся чыгуначнікі ў сваёй форме і са штандарам супольнасці. Відовішча для рэгіёну было незвычайнае. Цэлебраваў святую Імшу капелан Яго Святасці ксёндз доктар Аляксандр Рагіня, сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Казахстане, які ўдзячны сваей роднай парафіі і не забывае сваіх землякоў. У святочнай гаміліі айцец Станіслаў звярнуў увагу на тое, як цяжка быць пакутнікам у сучасным свеце. На прыкладзе святога Андрэя Баболі святар падкрэсліў, што кожны павінен імкнуцца быць верным Хрысту, верным сваёй сям'і.

Святы Андрэй Баболя з’яўляецца апекуном Беларусі, таму беларускага каларыту прыўнеслі ў свята маладыя хлопцы і дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах. Яны разам з чыгуначнікамі падрыхтавалі дары і ўрачыста прынеслі іх да алтара. На заканчэнне літургіі прагучала літанія да св. Андрэя Баболі і адбылася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Гістарычнай падзеяй гэтага дня для парафіі стала адкрыццё “Касцёльнага музея імя Ганны Дубовік” – легендарнай парафіянкі, якая напрыканцы жыцця ажыццявіла сваю мару і стала сястрой законнай з іменем Міхаэля. Усё жыццё яна прысвяціла служэнню Касцёлу, дасылала ці сама вазіла пасылкі святарам, сасланых у лагеры, і падтрымлівала з імі карэспандэнцыю, катэхізавала дзяцей у савецкі час, вазіла іх у іншую парафію для першай споведзі і Камуніі.


Перад адкрыццём музея слова прамовіў ксёндз Аляксандр Рагіня. Святар лічыць спачылую Ганну Дубовік, або Ганначку (так пяшчотна называлі яе парафіяне) сваёй духоўнай апякункай. Больш за тое, ксёндз Аляксандр Рагіня ўпэўнены, што менавіта яна вымаліла ў Бога дар святарскага паклікання для яго. Святар зазначыў, што адкрыццё музея, дзе знаходзяцца рэчы, якімі карысталіся нашы продкі, з'яўляецца памяццю пра іх і падзякай ім за дар веры, якую захавалі і перадалі сваім нашчадкам, але таксама і напамінам сучасным людзям, каб веру і святыню захоўваць, падтрымліваць і перадаваць наступным пакаленням – найлепш уласным прыкладам свайго штодзённага жыцця, і такі прыклад пакінула Ганна Дубовік.

Кожны жадаючы меў магчымасць наведаць новы музей, размешчаны на некалькіх ярусах вежы касцёла, падымаючыся па сходах да самых званоў, дзе адкрывалася вачам прыгожая панарама Лучая. Таксама госці маглі пакатацца па Лучаі на поні, пакаштаваць “адпустовыя цукеркі”, набыць сувеніры і заставацца да вечара на канцэрце, каб пасля завезці добры настрой і ўражанні з Лучая дадому.

Канцэртная праграма праходзіла пад адкрытым небам. Пакуль музыкі з гурта “Laudans” настройвалі пасля дажджу сваю гукаапаратуру, самабытны баяніст Чэслаў Рачыцкі з Шаркаўшчыны выканаў мелодыі мінулых гадоў. Спявачка Валянціна Альшанская таксама парадавала сваім рэпертуарам і была вядучай усёй канцэртнай праграмы. Майскі фэст адкрыў лучайскім слухачам і новыя імёны: Алега Сямёнава – беларускага спевака, лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне», заснавальніка гурта “Чысты голас”, і маладога выканаўцы Улада Сіманіса з Шаркаўшчынска РДК. Беларускія чыгуначнікі на чале са сваім душпастырам паказалі, што здольныя “і да танца, і да ружанца”. Вясёлае гучанне музыкі і спеву спрыяла паяднанню прысутных у адну радасную сям’ю, чаму садзейнічалі і карагоды пад песні беларускіх аўтараў у выкананні запрошаных артыстаў. Прагучала таксама віртуознае выкананне акардэаніста Дзмітрыя Корсака, частага і многімі любімага лучайскага госця.


Варта адзначыць, што ў Лучаі спалучаецца прыгажосць, створаная Богам, і прыгажосць, створаная рукамі руплівых, неабыякавых людзей. Усё гэта магчыма дзякуючы пробашчу кс. Мікалаю Ліпскаму, вопыт якога пачнаюць пераймаць і іншыя парафіі.

Летам Лучай таксама чакае: 28 чэрвеня – на Свята сем’яў, 25-26 ліпеня – на адпуст св. Ганны і на свята, прысвечанае 250-годдзю народзін Міхаіла Клеафаса Агінскага.

Алена Клімза-Колтан


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў