23 мая, напярэдадні ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, у санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе, падчас святой Імшы больш за 30 мясцовых вернікаў атрымалі сакрамэнт канфірмацыі. Сакрамэнт удзяліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
У прывітальным слове моладзь прасіла іерарха аб удзяленні сакрамэнту, да якога рыхтавалася не адзін год.
У адказ біскуп Алег Буткевіч звярнуўся да прысутных са словамі ўдзячнасці за дар малітвы, дар фарматарскай паслугі. «Браслаўскі касцёл – мой родны храм, дзе пачуў Божае пакліканне», — сказаў іерарх.
Гамілію віцебскі ардынарый прысвяціў свабодзе, якую Бог даў чалавеку і сутнасці якой той часам не разумее і не ўмее ёю распарадзіцца. Такая «свабода», па словах біскупа, робіць чалавека залежным ад шкодных звычак, патурае граху; сатана ўмела спакушае маладых людзей, якія, адарваўшыся ад сямейнага ачага, губляюць апору ў жыцці, не ўмеюць супрацьстаяць злу. У такіх выпадках, параіў біскуп, трэба ісці ў касцёл, ачышчаць душу і ўмацоўвацца ў веры, прасіць Божай дапамогі і згаджацца з Божай воляй. Зразумець жа Божую волю, дадаў іерарх, дапамагае Святы Дух, і калі мэтай жыцця будзе Божае Валадарства, то ўсё іншае чалавек атрымае — трэба ў гэта толькі верыць.
Падчас святой Імшы моладзь прынесла да алтара дары.
Напрыканцы набажэнства маладыя вернікі і іх бацькі падзякавалі біскупу за ўдзелены сакрамэнт, а таксама пробашчу парафіі ксяндзу Станіславу Мжыглуду SDS і ксяндзу Тадэвушу Дабравольскаму SDS за дапамогу ў падрыхтоўцы да прыняцця сакрамэнту хрысціянскай сталасці.
Біскуп Алег Буткевіч у сваю чаргу падзякаваў святарам, сёстрам эўхарысткам, усім прысутным вернікам за супольную малітву, а парафіяльнаму хору за цудоўны спеў.
«У час гэтай важнай падзеі адчуваў вялікую радасць, — падзяліўся Аляксандр Палякоўскі, які ў гэты дзень прыняў сакрамэнт канфірмацыі. — Удзел у жыцці Касцёла напаўняе жыццё новым зместам. Моладзь нашай парафіі пастаянна ладзіць сустрэчы, гутарыць на розныя тэмы. Гэта дапамагае ёй прымаць правільныя рашэнні і жыць з любоўю да людзей».
Паводле waladarka.by (AG) Фота waladarka.by
|