Працэсія Божага Цела з удзелам Апостальскага Нунцыя адбылася ў Віцебску |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
08.06.2015 13:09 |
У гаміліі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці адзначыў, што таямніца служэння святароў у Касцёле “глыбока звязана з Эўхарыстыяй”; яны “ўцелаўляюць таямніцу Цела і Крыві Хрыста, якой кормяць нас як Божы народ”. “Тое, што стварае Касцёл, – гэта Эўхарыстыя, якую мы тут святкуем”, - дадаў іерарх.
Як заўважыў арцыбіскуп, Эўхарыстыя – гэта “месца, момант, дзе прабачаюцца грахі”. “Нам трэба прагнаць са сваіх твараў маску людзей, якія паказваюць, быццам яны святыя. Мы такія самыя грэшнікі, як і ўсе людзі, але мы верым у тую любоў, якая здольная спаліць усе нашыя грахі, - сказаў прадстаўнік Папы. - І менавіта таму мы пойдзем, каб несці Хрыста па нашых вуліцах. Мы робім гэта не таму, каб трыумфальна паказаць іншым нашую супольнасць, але каб паказаць іншым, што і вы такія самыя грэшнікі як і мы, і каб вы маглі прыняць тую самую любоў, якую мы прымаем”. Апостальскі Нунцый звярнуў увагу таксама на тое, што, ідучы ў працэсіі Божага Цела, вернікі выносяць на вуліцы “трыумф нашага збаўлення, а не саміх сябе”. “Падумайце пра тое, колькі цяжкіх лёсаў мы спаткаем у тых людзях, якія сустрэнем па дарозе, – разбітыя сем’і, цяжкахворыя, гвалт, найбольш цяжкай формай якога з’яўляецца той, што схаваны ўнутры сям’і, роспач, жаданне верыць і цяжкасць знайсці тое, што можа абгрунтаваць гэтую веру. Бог пройдзе па вуліцы і благаславіць гэтае людское цярпенне, Бог пройдзе і аздаровіць нашую пакутуючую чалавечнасць, і паўторыць кожнаму: “Я люблю цябе і веру ў цябе””, - сказаў іерарх.
“Сёння ў працэсіі мы панясём адзінае нашае багацце – Цела Бога з намі, - падкрэсліў арцыбіскуп. - У нас няма іншага. Але ў гэтым у нас ёсць усё. Таму што ў гэтым нам усё дадзена”. “Давайце падымем нашы вочы да неба, давайце не будзем пазіраць больш у зямлю, каб Хрыстус убачыў нашыя вочы, - заахвоціў вернікаў прадстаўнік Святога Айца. - І давайце перастанем плакаць над нашай уласнай мізэрнасцю; уздымем нашыя вочы да Хрыста і ўбачым той дар, які дае нам Бог”. Апостальскі Нунцый дадаў, што “добрая навіна ў тым, што хто б ты ні быў, якім бы ты ні быў, Бог здольны абняць цябе так, што гэты абдымак цябе пераменіць”. “Вельмі хутка мы распачнем Год Божай Міласэрнасці. Сёння ў сэрцы горада мы нясем Божую Міласэрнасць, і няхай сёння ў нашым сэрцы не будзе нічога іншага, чым падзяка Богу за гэтую міласэрнасць, якая перавышае ўсю нашую нерашучасць і ўсе нашыя пытанні, каб такім чынам тыя, хто сустракае нас, убачылі ў нашых тварах твары людзей, якія жывуць надзеяй. І няхай Бог зробіць так, каб нашым адзіным распазнавальным знакам была надзея”, - пажадаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.
Пасля Імшы вернікі разам з духавенствам, спяваючы эўхарыстычныя спевы, прайшлі ўрачыстай працэсіяй ад катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага да касцёла Святога Духа, спыняючыся каля чатырох палявых алтароў, дзе гучалі словы Евангелля. У прамове пасля працэсіі біскуп Алег Буткевіч адзначыў, што з часу аднаўлення традыцыі правядзення эўхарыстычных працэсій у Віцебску гэтым разам было асабліва добрае надвор’е, падкрэсліўшы, што гэта “знак Божага благаслаўлення”. Біскуп дадаў, што яшчэ адзін знак Божага благаслаўлення - прысутнасць сярод віцебскіх вернікаў Апостальскага Нунцыя. Віцебскі ардынарый падзякаваў шаноўнаму госцю за малітву і прамоўленую гамілію. Біскуп скіраваў словы падзякі і да святароў, законных сясцёр, а таксама да вернікаў, якіх назваў “пілігрымамі”, што прыехалі ў гэты дзень у Віцебск нават з самых аддаленых куткоў дыяцэзіі, захацеўшы даць сведчанне сваёй веры ў гэтым горадзе.
Бурныя апладысменты прысутных выклікалі словы Апостальскага Нунцыя, што ў Віцебску ён “кожны раз як у сябе дома”. Па словах арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, вялікае значэнне мае тое, што “сёння па гэтых вуліцах прайшлі не толькі мы, але і Найсвяцейшы Сакрамэнт”. Напрыканцы прысутныя праспявалі “Цябе, Божа, праслаўляем” і “Магутны Божа”. Кацярына Лаўрыненка |
Фотарэпартаж |