10-11 ліпеня ў аг. Опса Браслаўскага раёна адбылася ІV Міжпарафіяльная пілігрымка пад дэвізам “Ніхто не можа верыць сам”, удзел у якой прынялі парафіяне з Пастаў і Далёкіх са сваімі пробашчамі.
На пачатку сустрэчы прадстаўнікі парафій падзяліліся тым, як прайшоў час з мінулагодняй пілігрымкі, што прынесла плён у працы на карысць Касцёла, што паспрыяла развіццю веры. Супольная малітва ў касцёле святога Яна Хрысціцеля завяршыла першы дзень пілігрымкі.
Другі дзень пачаўся братэрскімі сустрэчамі ў трох суседскіх групах. Каардынатары груп распавядалі аб тым, што Бог хоча, каб мы любілі адзін аднаго, і штодзённа запрашае нас да супрацоўніцтва. Вера, як адзначалася, – не асабістая справа аднаго чалавека, яна – дабро для ўсіх. Сустрэча была напоўнена спевамі, сумеснай малітвай просьбы і падзякі, чытаннем Слова Божага, чытаннем з Дакументаў Другога Ватыканскага Сабору. Удзельнікі груп дзяліліся з прысутнымі сваімі меркаваннямі на тэму “Хто мне дапамог прыйсці да веры” і разам шукалі адказы на наступныя пытанні: недахопы ў людзей веры ў Бога, чаму яны існуюць? Як праяўляюцца? Як мы можам сабе дапамагчы ўмацавацца ў сваёй веры і дапамагчы ў гэтым іншым?
Сустрэча працягнулася ў касцёле, дзе прадстаўнікі груп прэзентавалі прынятае супольнае рашэнне. Ксёндз дэкан Анджэй Возьняк правёў катэхезу на тэму “Святасць” для ўдзельнікаў сустрэчы і тых парафіян, якія завіталі ў святыню.
З нагоды пілігрымкі святую Імшу ў касцёле ўзначаліў Генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз прэлат Францішак Кісель.
Кожны ўдзельнік пілігрымкі меў магчымасць зразумець, што праз усё жыццё неабходна вучыцца распазнаваць крокі Хрыста і перадаваць веру іншым, таму што супольнасць – гэта Божая сям’я.
V Міжпарафіяльная пілігрымка ў наступным годзе пройдзе ў Лынтупах.
Ірына Высоцкая
|