5 жніўня пачала свой шлях у Росіцу на ўрачыстасці ў гонар благаслаўлёных мучанікаў айцоў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча пілігрымка з Друі. Гэты шлях 16 гадоў аб’ядноўвае многія парафіі не толькі з Віцебскай дыяцэзіі, але і за яе межамі.
У пілігрымцы ўдзельнічаюць вернікі з Іказні, Оршы, Браслава, Мёраў, Друі, Полацка, Наваполацка, Паставаў, Слабодкі, Жодзіна, Глыбокага, Відзаў, Варапаева і Івянца – у цэлым 70 чалавек.
Як кожны год, пілігрымка пачалася святой Імшой. Падчас Эўхарыстыі пробашч мясцовай парафіі кс. Сяргей Сурыновіч прасіў памятаць у інтэнцыях таксама пра Друю і яе жыхароў.
“Сёння кожны можа задаць сабе пытанне: убачыўшы цяжкасці, я сыходжу з дарогі ці іду з імі да Бога? А Бог сёння прамаўляе да кожнага з нас: “Ты пайшоў, ідзі далей і не апускай рукі!” (…) Можна “апусціць рукі” духоўна, а можна ісці з мазалямі, але з усмешкай на твары. У хрысціянскім жыцці самае галоўнае – не вяртацца назад духоўна”, — сказаў у гаміліі кіраўнік пілігрымкі а. Канстанцін Анашка МІС.
Падчас малітвы “Ойча наш” кс. Сяргей Сурыновіч заклікаў удзельнікаў пілігрымкі выйсці на сярэдзіну святыні і ўзяцца за рукі, утварыўшы кола – як сімвал вялікай сям’і пілігрымаў.
Праз 10 км шляху ў Ідолце мясцовыя парафіяне разам з пробашчам кс. Вячаславам Пялінкам прывіталі пілігрымаў у сваёй святыні і накармілі абедам. Пасля адпачынку адбылася кароткая канферэнцыя на тэму “Кансэкраванае жыццё”, якую прамовіў кс. Сяргей з Друі. “Бог, як мастак, “шліфуе” нас, як маленькія каляровыя каменьчыкі, для сваёй мазаікі — да пэўнага вобразу — праз нашае жыццё і выпрабаванні. Калі ўсё гладка ў жыцці — гэта не Божы шлях, бо Божы шлях напоўнены рознымі перашкодамі”, - адзначыў святар.
Першы дзень пілігрымкі завяршыўся, калі яе ўдзельнікі ўвайшлі з песняй “Вітай, Езу” ў мёрскую святыню. Праз некалькі хвілін сям’я пілігрымаў павялічылася: да святыні падыйшла таксама група з Барысава, якая завяршыла свой шосты дзень.
Паводле catholicnews.by (AG) Фота catholicnews.by
|