Моладзевыя рэкалекцыі «Аазіс жыцця» прайшлі ў Докшыцах |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
07.08.2015 12:00 |
Ніводныя канікулы ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Докшыцах не праходзяць без моладзевых і дзіцячых сустрэч. Штогод у Докшыцы наведваюцца аніматары і ўдзельнікі з Маладзечна, Слоніма, Наваполацка, Гродна, саміх Докшыц і Докшыцкага раёна. У рэкалекцыях «Аазіс жыцця», што прайшлі з 29 ліпеня па 6 жніўня, удзельнічалі каля 60 чалавек, правёў рэкалекцыі брат Віталь Юркевіч з дапамогай сясцёр адараторак Крыві Хрыста з гэтай парафіі. Удзельнікі разважалі над тэмай біблійнай гісторыі збаўлення. Дапамогай для моладзі сталі канферэнцыі, якія распавядалі пра тое, як насычацца Святым Духам у сваім жыцці, пра сакрамэнт пакаяння, пакліканне і пра ўсе таямніцы святой Імшы. Вядома таксама, што на гэтых рэкалекцыях можна не толькі пазнаць сябе ў Богу, але і развіць свае таленты ў розных кірунках, знайсці новых сяброў падчас вясёлых гульняў, танцаў і тэматычных вечароў. Галоўная мэта гэтых рэкалекцый — наблізіцца да Бога, умацавацца ў Святым Духу і, што немалаважна, захаваць усё тое, што атрымалі падчас гэтых духоўных практыкаванняў, у штодзённым жыцці. Рэкалекцыі сталі духоўным набыткам таксама для дарослых аніматараў. Удзельнікі рэкалекцый маглі пераканацца, што Бог — усемагутны, варта адкрыць сэрца для Яго, і Ён у момант можа змяніць наша жыццё на 180 градусаў. Менавіта для гэтага ў докшыцкай парафіі праводзяцца рэкалекцыі, дзе моладзь збіраецца, каб знайсці Бога. Вераніка Далжук, (АлГ) |
Фотарэпартаж |