Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«У Росіцу нас вядзе перамога над смерцю»: завяршыліся ўрачыстасці памяці мучанікаў айцоў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
10.08.2015 16:12 |
7 і 8 жніўня Росіца зноў «ажыла» і «загучала»: у санктуарыі зноў прыгадвалі подзвіг росіцкіх мучанікаў айцоў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры — зімой 1943 святары добраахвотна пайшлі на смерць разам са сваёй паствай.
На ўрачыстасці ў Росіцу ўжо традыцыйна ідуць пілігрымкі — пешыя з Барысава, Полацка, Друі (гэтым разам самая шматлікая), велапілігрымкі — з Барысава і Жодзіна. Крочылі сёлета ў Росіцу разам з барысаўскімі пілігрымамі і семінарысты марыяне з Любліна. На парозе святыні пілігрымаў сустракае айцец Чэслаў Курэчка МІС, апякун месца пакутніцкай гібелі благаслаўлёных, які сардэчна вітае падарожных і акрапляе іх асвечанай вадой. «Гэтае месца дае шмат любові і духоўнага суцяшэння» У гэтыя спякотныя дні цяжар шляху пілігрымы адчувалі асаблівым чынам, але гэта не перашкодзіла «гучнасці» і «малітоўнасці» пілігрымак. Вольга Кулік з Жодзіна, якая прайшла шлях у Росіцу з Друі, адзначае: «Можна застацца дома ў прахалодзе і камфорце, але сэнс жыцця не ў такім супакоі. Пілігрымаванне ў Росіцу — у пэўным сэнсе праверка сябе. Сапраўдную радасць прыносяць зусім не тыя рэчы, якіх мы шукаем у штодзённым жыцці. Росіца — гэта шчасце. Гэтае месца дае шмат любові і духоўнага суцяшэння. Пакуль мы будзем памятаць пра Росіцу і подзвіг благаслаўлёных, дагэтуль і будзе жыць яна, і тут заўсёды будуць людзі». Гамілію падчас Імшы для пілігрымаў прамовіў а. Міхаіл Цвячкоўскі МІС. Разважаючы пра подзвіг благаслаўлёных пакутнікаў, святар адзначыў, што такі выбар немагчыма зрабіць беспадстаўна: «Без супрацоўніцтва з Божай ласкай не можа быць так, што ў пэўны момант ты аддасі сваё жыццё. Калі ты лёгка не можаш ад чагосьці адмовіцца — не думай, што ў хвіліну смерці так лёгка абярэш Хрыста. Такі выбар можа зрабіць толькі веруючы чалавек, які мае асабістыя адносіны з Езусам». Чытайце таксама: Айцец Міхаіл Цвячкоўскі падкрэсліў, што рашэнне аддаць жыццё за бліжняга «нараджаецца ў малых выбарах» — «благаслаўлёныя ж мучанікі выбіралі Езуса штодня», таму на смерць разам са сваёй паствай яны пайшлі, «прыняўшы рашэнне, якое складалася з маленькіх рашэнняў, напоўненых вернасцю Богу». Пасля Імшы адна са сведкаў росіцкай трагедыі Валянціна Марцінкевіч распавяла прысутным пра тое, што ёй давялося перажыць. «Але Бог мяне заўсёды падтрымліваў», — неаднаразова паўтарала жанчына. «Без прабачэння не можа быць веры ў Езуса» Імшу апоўначы ўзначаліў віцебскі ардынарый біскуп Алег Буткевіч. Згадваючы Росіцу, іерарх адзначыў, што «сюды мы прыходзім не таму, што тут панавала смерць, — сюды нас вядзе перамога над смерцю». «У Росіцы мы бачым плён перамогі адвагі і веры над смерцю», — сказаў біскуп. Іерарх падкрэсліў, што ўсе тыя, хто прыйшоў сюды, «з’яўляюцца плёнам гэтай перамогі», і дадаў, што благаслаўлёныя пакутнікі далі прыклад таго, «як мы павінны перамагаць страх у нашым жыцці». На месцы пакутніцкай гібелі, куды пілігрымы прыйшлі ў начной працэсіі, віцебскі ардынарый нагадаў аб прабачэнні: «Не можа быць Неба для чалавека гэтай зямлі, не можа быць удзелу ў Божым Валадарстве, калі не будзе прабачэння. Няма веры ў Езуса без прабачэння. Езус сказаў: “Прабачайце і будзе прабачана вам”. Росіцкія пакутнікі — благаслаўлёныя айцы Юрый і Антоній — у Валадарстве Айца, бо прабачылі. Першая рэч, якой варта навучыцца, азіраючыся на прыклад благаслаўлёных, — гэта прабачэнне». «Няма нічога страшней за чалавека без праўды, дабра і любові» Падчас Імшы 8 жніўня рэктар марыянскай семінарыі ў Любліне (Польшча) а. Томаш Новачэк МІС, які таксама пілігрымам прыбыў у Росіцу, прыгадаў вернікам словы палкоўніка ў адстаўцы аднаго з мастацкіх фільмаў: «Я бачыў шмат людзей на розных франтах. Яны змагаліся за вольнасць, праўду і вернасць, аддавалі сваё жыццё за іншых; я бачыў іх з адарванымі рукамі і нагамі, прастрэленымі грудзьмі і галовамі, але няма нічога страшней, калі бачыш “ампутаваны” чалавечы дух — калі з чалавека хочуць выкінуць праўду, дабро, любоў — тое, у чым радасць знаходзіць чалавек». На працягу сутак у Росіцы праходзіў нібы малітоўны марафон — увесь час трывала малітва і шматлікія набажэнствы. Гэтым разам малітва спалучалася з фармацыйнымі мерапрыемствамі, адным з якіх стала сустрэча на тэму алкагольнай сузалежнасці. Усе тыя, хто хоць раз пабываў у Росіцы, заўсёды адзначаюць яе непаўторную духоўную атмасферу. Сюды вяртаюцца зноў і зноў, прыносяць не толькі свой смутак, але і радасць. Кацярына Папяленка з Віцебска прыехала ў Росіцу ў дзень свайго нараджэння. «Каб падзякаваць Пану Богу за ўсё, што маю ў сваім жыцці», — кажа маладая жанчына. Зноў і зноў будуць ісці і прыязджаць у Росіцу шматлікія пілігрымы, каб убачыць на свае вочы прыроднае хараство і наталіць сваю прагу хараства духоўнага — тут, у Росіцы, яно адчуваецца асаблівым чынам. «Вашая малітва, вашая ахвяра перамяняе гэты свет», — сказаў пілігрымам а. Чэслаў Курэчка МІС. Кацярына Лаўрыненка, фота аўтара
|
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.