Першая ў гісторыі Віцебскай дыяцэзіі Парафіяда дзяцей і моладзі пачалася ў Оршы |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
12.08.2015 10:31 |
11 жніўня ў Оршы пачалася Парафіяда дзяцей і моладзі Віцебскай дыяцэзіі. Радасць малітоўнай размовы з Богам, сяброўства і здаровага ладу жыцця з'ядналіся ў гэты дзень у адно. Парафіяда пачалася з урачыстай святой Імшы, якую цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У гаміліі біскуп зазначыў, што, распачынаючы гэтую парафіяду, удзельнікі ўзгадваюць імя заснавальніка, якім з’яўляецца кс. Юзаф Ёнец. "Маладыя людзі часам лічаць, што Касцёл ад іх шмат патрабуе, і таму, як малодшы сын з Евангелля паводле Лукі, вельмі часта шукаюць вольнасці і жадаюць адарвацца ад Касцёла, — сказаў біскуп і дадаў: — Святы Францішак і святая Клара былі прыкладам чагосьці іншага, а менавіта паслухмянасці і даверу Богу. Святы Францішак казаў: "Бог мой і ўсё маё!" У ягоным жыцці галоўным быў заўсёды Бог, і толькі Яму ён давяраў і таму атрымаў так шмат". Працягваючы сваю думку, віцебскі ардынарый зазначыў, што парафіяда - вельмі добры час, у якім ёсць магчымасць развіваць у сабе духоўнае і фізічнае, а таксама заклікаў усіх удзельнікаў падчас малітвы і спаборніцтва шукаць найперш Бога. "Кожную чыннасць мы павінны развіваць ад малітвы!" – падкрэсліў іерарх. Напрыканцы дня дзеці і моладзь разам з аніматарамі пабывалі на канцэрце. Шмат задавальнення прынёс удзельнікам першы вечар. На сцэну запрасілі біскупа Віцебскага, які падзякаваў арганізатарам і ўдзяліў благаслаўленне. Першы дзень парафіяды завяршыўся малітвай. Тэкст і фота - Алёна Фянько. Поўны фотарэпартаж аўтара - на сайце Catholicnews.by. |