15 жніўня ў міёрскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Язафата Кунцэвіча, біскупа і мучаніка (Віцебская дыяцэзія) адбылася галоўная парафіяльная ўрачыстасць. Святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
На фэст сабраліся не толькі мясцовыя жыхары, але таксама вернікі, сёстры законныя і святары з іншых парафій. Найбольш прадстаўнічай была дэлегацыя сясцёр эўхарыстак з Друі.
У гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі звярнуў увагу на асобу Марыі як прыклад хрысціянскага жыцця. Іерарх адзначыў, што вялікая ласка быць узятай на неба з душой і целам была дадзена Марыі не толькі таму, што Яна Божая Маці, але і за сведчанне неадступнай веры ў Бога праз усё сваё жыццё.
Біскуп правёў паралелі паміж жыццём Марыі і сучасным жыццём, зрабіўшы выснову: каб дасягнуць Божага Валадарства, трэба навучыцца слухаць голас Бога і бязмежна давяраць Яму, будаваць адносіны з іншымі людзьмі на ўзор Марыі.
Напрыканцы Імшы адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Разам з парафіяльным хорам “Fiat” прысутныя праспявалі Літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі. Затым адбылася ўрачыстая працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вакол касцёла.
Завяршылася Імша традыцыйным асвячэннем кветак і пладоў новага ўраджаю. На заканчэнне ўрачыстасці ксёндз прэлат Кшыштаф Мянкіна падзякаваў усім, хто прыняў удзел у свяце. Моладзь выказала ўдзячнасць біскупу Юрыю Касабуцкаму за цэлебрацыю святой Імшы і гамілію.
Біскуп, у сваю чаргу, падзякаваў усім прысутным вернікам, сёстрам законным і святарам за супольную малітву, пробашчу кс. Кшыштафу Мянкіну за запрашэнне на ўрачыстасць і гасцінны прыём, парафіяльнаму хору “Fiat” за спеў, а асаблівыя словы ўдзячнасці выказаў міністрантам, адзначыўшы высокі ўзровень выканання імі сваіх абавязкаў падчас літургіі.
Паводле catholicnews.by (AG)
Фота catholicnews.by
|