Святой Імшой для пілігрымаў пачаліся 21 жніўня ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі азёраў у санктуарыі ў Браславе (Віцебская дыяцэзія). У гэты дзень у санктуарыі прывіталі дзве пешыя пілігрымкі – з Глыбокага, вернікі якога прыйшлі разам з са сваім пробашчам, ксяндзом Мікалаем Цiхановічам, а таксама з Мёраў, разам з вікарыем парафіі ксяндзом Вячаславам Адамовічам.
Імшу для пілігрымаў узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
На пачатку Імшы віцебскі ардынарый біскуп Алег Буткевіч сардэчна прывітаў усіх тых, хто сабраўся ў гэты дзень каля абраза Маці Божай Валадаркі азёраў, каб раздзяліць радасць урачыстасці з вернікамі Віцебскай дыяцэзіі: Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і дапаможных біскупаў архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага і Аляксандра Яшэўскага SDВ, які, дарэчы, гэты санктуарый наведаў упершыню. Словы прывітання біскуп Алег Буткевіч скіраваў і да дырэктара «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксяндза Аляксандра Фаміных, дырэктара «Карытас» Віцебскай дыяцэзіі ксяндза Андрэя Аніскевіча, віце-правінцыяла Таварыства Боскага Збаўцы (сальватарыяне) ксяндза Юзэфа Фігля, іншых святароў з Віцебскай дыяцэзіі і замежжа.
У гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі адзначыў, што, перажываючы свята ў гонар Маці Божай, мы разважаем пра Марыю як Валадарку. Аднак пры гэтым іерарх звярнуў увагу, што, калі мы сустракаем Марыю ў Святым Пісанні, Яна знаходзілася ў даволі сціплых варунках –няма, напрыклад, апісання палаца, у якім бы Яна была, Езус нарадзіўся ў простых умовах. «Мы сустракаемся тут з іншай іерархіяй каштоўнасцяў. Самым галоўным скарбам Марыі быў Езус», – сказаў біскуп.
Іерарх адзначыў, што мы павінны імкнуцца наследаваць Марыю, звяртаючы ўвагу на Яе адносіны з Богам: Яна любіць Яго, давярае Яму. Як прыклад біскуп нагадаў аб сцэне Звеставання – Марыя ведала, што Ёй будзе нялёгка, але сказала: «Няхай мне станецца паводле твайго слова».
Таксама біскуп дадаў, што, калі паглядзіць на жыццё Багародзіцы чыста з чалавечага пункту гледжання, то здаецца, што вельмі часта Яна рабіла абсурдныя рэчы, але пры гэтым цалкам давяраючыся Богу, што дало свой плён.
Заклікаючы прысутных зноў угледзецца ў абраз Маці Божай Валадаркі азёраў, біскуп звярнуў увагу, што Марыя на абразе трымае маленькага Езуса – «і хацела б трымаць на руках кожнага з нас, Яна прытуляе да сябе свайго Сына і гэтаксама хацела б прытуліць кожнага».
«Няхай Марыя будзе для нас прытулкам», – пажадаў іерарх, заахвоціўшы прысутных у цяжкія хвіліны жыцця маліцца і прасіць Маці Божую дапамагчы прыняць правільнае рашэнне.
Напрыканцы Імшы біскуп Юрый Касабуцкі звярнуў увагу, што браслаўская парафія можа ганарыцца, што дала Касцёлу столькі святароў і законных сясцёр. Іерарх пры гэтым адзначыў, што сёння часта кажуць, што мы маем мала пакліканняў. «Пакліканняў шмат, – сказаў біскуп, – многія маладыя людзі чуюць гэты голас, але не ідуць за ім». Таму іерарх заклікаў прысутных маліцца за моладзь, каб яна не баялася адказваць на гэты голас, не баялася быць адважнай і сказаць, як Марыя, сваё «Fiat».
Пасля Імшы ў касцёле прагучалі творы духоўнай музыкі ў выкананні арганісткі полацкага касцёла Нэллі Баравік (арган) і Святланы Іваноўскай (флейта), ансамбля камернай музыкі «Маэстра» з Наваполацка. Скончыўся канцэрт спевам «Ave Maria» ў выканнні выкладчыка Наваполацкага музычнага каледжа Валянціна Юхневіча.
Ксёндз Павел Кнурэк, пробашч лынтупскай парафіі і экзарцыст Віцебскай дыяцэзіі, правёў для вернікаў канферэнцыю на тэму ўнутранага аздараўлення.
Падчас выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту адбылася малітва аздараўлення.
Напрыканцы першага дня ўрачыстасцяў перад абразом Маці Божай Валадаркі азёраў прадстаўнікі грэка-каталіцкай супольнасці выканалі Акафіст да Маці Божай.
Кацярына Лаўрыненка
|