Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Свята ўраджаю ў Бярозаўцы: «Богу заспявайма ўсе спеў падзякі, радасці спеў!»
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
07.09.2015 21:34

5 верасня ў вёсцы з прыгожай назвай Бярозаўка на Віцебшчыне адзначалі свята ўраджаю і пяцігоддзе кансэкрацыі святыні. У касцёл Маці Божай Міласэрнасці (Вастрабрамскай) завітаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

На свята ў касцёл, куды звычайна прыходзіць не больш за 20 чалавек, прыехалі вернікі з суседніх ваколіц, такіх, як раённы горад Докшыцы, мястэчка Параф’янава і інш.

Пяць гадоў мінула з той жнівеньскай пары, калі касцёл, хоць па памерах падобны да капліцы, але па аздобе і сваім харастве — велічная святыня, быў асвечаны цяпер ужо біскупам Віцебскім на пенсіі Уладзіславам Блінам.

Святыня, якой апякуецца а. Марэк Пасюта OFMCap, стала кропкай аб’яднання жыхароў вёскі не толькі каля алтара на малітве, але і ў сумеснай працы на зямлі. Сланечнікавыя плантацыі ўпрыгожваюць добраўпарадкаваную калакасцёльную тэрыторыю, дзе віюцца грады з агуркамі, завязваюцца качаны капусты.

Паказваючы ўсім надзею Уваскрасення

Святыня паўстала стараннямі многіх людзей, у памяць аб працы якіх і ў гэты ж дзень была асвечана спецыяльная табліца з надпісам:

«У памяць пра ўсіх, хто захоплены прыгажосцю створанага свету, ператварыў яе ў чалавечы ўчынак у гэтым будынку аж да часу, пакуль яго сцены не сталі асновай для Божай святыні ў годзе Пана 2010, паказваючы ўсім надзею Уваскрасення».

На ўрачыстай Імшы святыня была перапоўнена людзьмі. Перад абразом Маці Божай Паяднання, дзе ўнізе напісаныя два крыжы (усходняй і заходняй традыцыі), вернікі схіліліся ў малітве.


Каляровыя хусцінкі бабуляў, цёмныя пацеркі ружанцаў у пашчапаных ад зямлі руках, абгорнуты ў газету малітоўнік, раскрыты на спеве «Богу заспявайма ўсе», накіраваныя да алтара вочы людзей…

Апостальскі Нунцый заўважыў, што беларускі народ вельмі блізкі да прыроды, прыгадаў, што нездарма ў беларусаў такая паэзія, што так узнёсла і лірычна апявае хараство зямлі, хараство прыроды.

«Вы адчуваеце прыроду не як штосьці мёртвае, але як жывое, як тое, што было створана Богам!» — звярнуўся іерарх да вернікаў у гаміліі.


Вернікі ў такіх невялікіх парафіях — гэта людзі, якія ведаюць, што такое праца на зямлі, ведаюць яе цяжар, але і яе радасць, ведаюць, што такое цярпенне.

«Мець цярплівасць — азначае мець сваю мэту»

«Вашая цярплівасць — гэта цярплівасць Бога», — дадаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, а таксама патлумачыў, што значыць “мець цярплівасць”: «Мець цярплівасць — не азначае быць пасіўным чалавекам. Мець цярплівасць — азначае мець сваю мэту і да яе накіроўвацца, бачыць яе і быць спакойным на гэтай дарозе».


Арцыбіскуп з вялікай пашанай гаварыў пра людскую працу на зямлі, падкрэсліваючы яе годнасць і прыгажосць: «Кожны раз, калі вы будзеце працаваць на зямлі, памятайце, што вы дакранаецеся да сэрца Бога. І Бог вас за гэта не забудзе, не забудзе вашыя сем’і, не забудзе вашыя праблемы, не забудзе пра тых, каго вы любіце, і пра тое, што любіце».

«І таму кожны дзень Ён будзе даваць вам свой подых, каб падкрэсліць, што такім чынам Ён жыве ў нас», — дадаў іерарх.

Таксама арцыбіскуп яшчэ раз нагадаў пра значэнне і месца святыні ў сэрцы народа: «Памятайце, гэта месца, дзе Бог да вас усміхаецца, дзе Ён глядзіць на вас і кажа: “Я цябе люблю”. Зразумейце, наколькі гэта было важным — пабудаваць штосьці такое, каб даць магчымасць мець месца, з якога Бог будзе даваць вам свой позірк і сваю ўсмешку».

Пасля Эўхарыстыі былі асвечана дошка падзякі ўсім, хто працаваў над гэтай пляцоўкай і касцёлам, а таксама фігура св. Юзафа, якая месціцца над дошкай знадворку святыні.

Мясцовымі дзеячамі Дома культуры была зладжана свята для ўсіх прысутных гасцей: і пра гісторыю Бярозаўкі распавялі, і жартамі насмяшылі, і тугу прыгожай песняй навялі.

Каб было не так галодна і халодна ў восеньскі падвячорак, госці частаваліся сапраўднай ухой і іншымі прысмакамі, напрыклад, шмальцам з хлебам…

Калі бываеш на такіх вясковых фэстах, нібыта адразу чуеш голас бабулі, якая распавядае пра сваё дзяцінства і маладосць, як на роварах хлопцы-дзяўчаты калясілі з адной вёскі ў другую і фэсты аб’язджалі. «Весела, унучка, так было! Ой мы лёталі!» — паўтарае бабуля. А я зараз прыгадваю яе словы ды думаю: «Вось яно, сугучча з мінулым, з гісторыяй і з нашай душой беларускай: і ўчора, сёння, і, дай Бог, заўтра!»

Аксана Ючкавіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў