Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Свята ў Параф’янаве: Імя Марыі славіць ружанцам, працай і шчырасцю
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
15.09.2015 17:53

12 верасня ў парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Параф’янаве (Докшыцкі дэканат) адзначалі парафіяльную ўрачыстасць, радасць якой з вернікамі прыехаў раздзяліць біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Cуботняя раніца парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі распачалася Імшой, пасля якой праходзіла Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту.

Прадстаўнікі са шматлікіх колаў ружанцовых, якія ёсць у парафіі, праводзілі малітву. Зазвычай у такіх парафіях, якія аб’ядноўваюць католікаў са  шматлікіх прылеглых вёсак, існуе сваё кола ружанцовае, а то і некалькі ў кожнай вёсцы.

«Беларуская вёска любіць ружанец» — менавіта такую выснову хацелася б вынесці, спазіраючы на тых жанчын, якія паміж хатніх клопатаў, працы на зямлі, сярод гаспадаркі, сярод дзяцей, у школе ці ў калгасе, знаходзяць час, каб у свае, часамі пашчапаныя ад працы рукі, узяць ружанец, і …— суцішыцца з несуцішнымі вуснамі, якія пачынаюць паўтараць «Вітай Марыя» ў інтэнцыі сваіх дзяцей, свайго краю, сваёй зямлі…

Беларуская вёска любіць ружанец, і гэта часта менавіта ён з’яўляецца моцнай падтрымкай і зброяй сярод тых праблем, якія яна перажывае, як эканамічных, так і духоўных…

У гэты дзень біскуп Алег Буткевіч крыху пазней таксама прыгадваў пра значэнне ружанцовай малітвы, пры дапамозе якой у Сярэднія вякі атрымлівалі перамогу ў бітвах. А менавіта праз яе заступніцкую моц адбудоўваліся зруйнаваныя святыні і наша вера.

Пасля Адарацыі распачалася галоўная ўрачыстая Імша з удзелам ардынарыя, а таксама святароў з іншых парафій Віцебскай дыяцэзіі.

Параф’янаўская святыня спрадвек збірала і збірае на свае ўрачыстасці не толькі парафіянаў, але і шматлікіх гасцей з усёй Беларусі. Звычайна гэта дарослыя дзеці, якія з’язджаюцца да сваіх бацькоў, ці дзядуляў-бабуляў на галоўныя рэлігійныя святы: Божае Нараджэнне і Вялікдзень. А таксама вельмі любяць у Параф’янаве ўрачыстасць святога заступніка з Падуі і ўсе святы, прысвечаныя Маці Божай — апякунцы парафіі.

Падчас Імшы біскуп Алег Буткевіч адзначыў, што менавіта яе Найсвяцейшае Імя здольна абудзіць нашу веру ў тое, што мы ўсе, як і яна, з’яўляемся Божымі дзецьмі.

«Вы — верныя дзеці Марыі», — звярнуўся да прысутных іерарх, дзякуючы ўсім за прысутнасць на малітве і адкрытасць на ўдзел у такіх урачыстасцях, прысвечаных Маці Божай.

«Жаданне Бога быць блізка да чалавека Ён здзяйсняе праз Марыю. Менавіта таму ўжо столькі стагоддзяў пашыраецца культ Маці Божай», — адзначыў біскуп.

Таксама ў сваёй гаміліі іерарх не абмінуў сучасныя праблемы беларусаў, якія знішчаюць народ. «Адкуль сярод маладых столькі самагубстваў? Алкагалізм?»

У сваёй прамове біскуп задаў шмат пытанняў: «Наколькі глыбокая мая вера? Ці мы сапраўды блізкія з Богам? Хто для мяне Езус Хрыстус, Бог, які жадае быць блізка да чалавека? Ці маем давер да Бога?»

Усе пытанні і разважанні датычылі асабістых адносін чалавека з Богам, датычылі даверу і шчырасці, якія ёсць або якіх не стае, каб вырашаць цяжкасці па-Божаму, без панікі, але ў даверы.

Пазіраючы на значную колькасць прысутных мужчын у касцёле, біскуп звярнуўся менавіта да іх: «Памятайце, што першым вашым абавязкам ёсць малітва. І, малітва — гэта не «бабская справа!» — з усмешкаю і ўсёй сур’ёзнасцю адзначыў іерарх.

«Калі мужчына становіцца на калені для малітвы, то нішто іншае не зможа яго паставіць на калені», — дадаў біскуп, прыгадваючы, што такія вялікія мужчыны ў гісторыі, на якіх ляжала адказнасць за народы, заўсёды знаходзілі час на размову з Богам.

Сёння мужчына таксама мае шмат абавязкаў: забяспечыць сям’ю, выхаваць дзяцей, таму таксама павінен трымацца рукі Бога і Маці Божай і заўсёды знаходзіць час на малітву, каб з дапамогай Божай ласкі разумець і прымаць усю ўскладзеную адказнасць.

Пасля святой Імшы вернікі разам са святарамі прайшлі ва эўхарыстычнай працэсіі вакол касцёла, як гэта звычайна адбываецца па традыцыі ў кожную першую нядзелю месяца, а таксама падчас урачыстасцяў.


Свята працягнулася каля парафіяльнага дома, частку якога сёння займае кляштар сясцёр місіянерак Святой Сям’і і мясцовая бібліятэка.

Вернікі частаваліся прыгатаванымі прысмакамі, а таксама танчылі разам з запрошанымі гасцямі, сярод якіх быў вядомы акардэаніст Дзмітры Корсак і эстрадны спявак Іван Буслай.

Напрыканцы парафіяльнага свята і на развітанне біскуп Алег Буткевіч удзяліў благаслаўленне ўсім прысутным, хто здолеў у суботні дзень знайсці час не толькі на працу, але і на малітву, на адпачынак, на свята. На свята, пра якое ніколі не павінен забывацца народ, які жадае мець будучыню.


У гарадах гэта разуменне свята, асабліва рэлігійнага, можна сказаць, што страчана: людзі не спыняюцца ў абавязках штодзённасці. У вёсках жа, як бачым, памяць пра свята жыве, і душа беларуская точыцца праз гэтыя святы вясковыя, як тонкая крыніца, якая б’е з глыбіні…

Аксана Ючкавіч, фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў