У Дунілавічах адзначылі юбілей святыні |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
01.10.2015 12:33 |
29 верасня ў Дунілавічах (Віцебская дыяцэзія) католікі адзначылі двайны юбілей: 515 гадоў утварэння каталіцкай парафіі і 245 гадоў будаўніцтва касцёла. З гісторыі Сучасны цагляны храм быў пабудаваны ў другой палове XVIII стагоддзя манахамі-дамініканцамі, сваю гісторыю ён адлічвае ад 1770 года. Апошнія мелі тут двухпавярховы мураваны кляштар, які да нашых дзён не захаваўся. Да пабудовы мураванага касцёла на гэтым месцы стаяў драўляны касцёл, пабудаваны ў XVII стагоддзі. Пасля таго, як манахі падтрымалі антырасійскае паўстанне, царскі ўрад у 1866 годзе перадаў храм праваслаўнай царкве. Пры пераабсталяванні святыні пад царкву сіняй фарбай былі замаляваны ўсе старыя фрэскі. У наш час некаторыя з іх былі знойдзеныя пад двума пластамі фарбы. У многім дзякуючы гэтай знаходцы ўдалося аднавіць першапачатковы роспіс храма. Пасля перадачы святыні праваслаўнай царкве насупраць быў пастаўлены драўляны касцёл, які згарэў у 1890 годзе. Царскія ўлады забаранілі яго аднаўленне, таму новы драўляны храм парафіяне вымушаны былі збудаваць па-за мястэчкам. Да нашых дзён ён таксама не захаваўся. У 1919 годзе, калі Дунілавічы патрапілі ў склад адноўленай польскай дзяржавы, храм быў перададзены католікам. У 1932 годзе дунілаўская парафія налічвала 7600 вернікаў. Касцёл дзейнічаў да 1946 года, пасля чаго быў зачынены савецкімі ўладамі. Святар быў рэпрэсаваны, а касцёл на некаторы час ператварыўся ў склад збожжа. Пасля будаўніцтва ў калгасе новага збожжасховішча храм наогул стаяў закінуты, у яго пацёк дах, і ён стаў паступова разбурацца. Сітуацыя змянілася, калі ў 1989 годзе ён зноў быў перададзены каталіцкім вернікам. Пачаліся працы па яго аднаўленню. Зараз святыня адрамантавана ўнутры, вядуцца працы па далейшым добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол яе, каб годна сустрэць у 2020 годзе 250-гадовы юбілей касцёла, які зараз носіць тытул Святой Тройцы. Цудадзейны абраз Варта адзначыць, што алтар у дунілаўскім касцёле двух’ярусны, што не так часта можна бачыць у касцёлах. На другім ярусе змешчаны абраз Маці Божай Ларэтанскай, які лічыцца цудадзейным. У парафіі ён з’явіўся ў 1667 годзе, калі яшчэ не было сучаснага касцёла. Маці Божая Ларэтанская дапамагла шмат каму з вернікаў, аб чым сведчылі шматлікія воты, змешчаныя каля абраза. Калі камуністычныя ўлады зачынілі касцёл, гэтыя воты зніклі. Сам жа абраз вернікі ўратавалі. Ноччу ён быў выкрадзены праз акно храма і захоўваўся на гарышчы ў аднаго з вернікаў. Пасля вяртання касцёла абраз быў вернуты ў храм, дзе зноў заняў сваё месца. Аб тым, што ў наш час абраз таксама дапамагае вернікам, сведчаць чатыры новыя воты, якія змешчаны пад ім. Пра адзін цуд распавёў пробашч касцёла кс. Павел Самсонаў: Гэта здарылася ў першы год маёй працы ў Дунілавічах. Прыходзіць да мяне жанчына і кажа: у мяне праблема, ксёндз, што мне рабіць, мае дзеці разводзяцца. Я ёй параіў памаліцца да нашай Маці Божай Ларэтанскай. Недзе праз год прыходзяць да мяне гэтыя старэйшыя людзі, прыносяць залаты шлюбны пярсцёнак і кажуць, што хочуць аддаць яго Маці Божай. Яна ўратавала сям’ю іх дзяцей, яны сталі добра жыць, праблемы зніклі. Пад абразом захоўваюцца яшчэ тры воты, пра якія вернікі абяцалі распавесці пазней. Зараз ідзе аднаўленне культу абраза Маці Божай Ларэтанскай, штогод усё больш вернікаў даведваюцца пра гэты абраз і прыязджаюць у Дунілавічы, каб скласці свае просьбы нябеснай заступніцы. Ушанаванне святога Міхала Арханёла Фэст на святога Міхала Арханёла праводзіцца ў Дунілавічах з даўніх часоў. Гэты святы лічыцца апекуном парафіі, бо касцёл першапачаткова быў асвечаны пад тытулам Міхала Арханёла. Па словах пробашча парафіі, нават у савецкія часы, калі касцёл быў зачынены, вернікі прыязджалі ў гэты дзень да святыні, каб памаліцца каля яе сценаў. Зараз жа фэсты ў Дунілавічах на свята Міхала Арханёла сталі традыцыйнымі. У мінулым годзе свята наведаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, у гэтым годзе ганаровым госцем фэсту стаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, які ўзначаліў святую Імшу. На ўрачыстасць, нягледзячы на працоўны дзень, сабралася больш за тры сотні вернікаў як з дунілаўскай парафіі, так і з Глыбокага, Канстанцінава, Паставаў, Варапаева, Лучая і іншых месцаў. Таксама прысутнічалі святары з навакольных парафій. Падчас Імшы біскуп Аляксандр Яшэўскі паразважаў над вытокамі зла ў сучасным свеце і значэннем святога Міхала Арханёла для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. У прыватнасці, іерарх сказаў: Мы маем магчымасць падзякаваць Пану Богу за дар заступніцтва Арханёла ў небе не толькі для вашай парафіі, але і над усім Каталіцкім Касцёлам у Беларусі. Па словах іерарха, прыход у касцёл можна апісаць трыма словамі: слухаем, шукаем, сустракаем. Біскуп растлумачыў значэнне кожнага з гэтых словаў. Завяршылася Імша працэсіяй вакол касцёла і спевам гімна «Магутны Божа», заканчваць урачыстыя набажэнствы якім стала ў Беларусі ўжо традыцыяй. Потым парафіян і гасцей чакаў канцэрт і пачастунак на свежым паветры. Артысты на канцэрце былі з дунілаўскай парафіі. Як кажуць самі парафіяне, яны былі раней неактыўныя, але дзякуючы энергіі пробашча ксяндза Паўла навучыліся і ў хоры спяваць, і свае канцэрты праводзіць. Напрыканцы біскуп пажадаў не саромецца сваёй веры, часцей звяртацца да Бога ў сваіх малітвах, нават калі гэтыя малітвы будуць не завучаныя, а прамаўляцца сваімі словамі. «Навучыцеся размаўляць з Панам Богам, як дзіця, — сказаў біскуп, — хоць часам гэта нейкае балбатанне, але яно заўсёды шчырае, зыходзіць ад самага сэрца. Такой павінна быць і наша малітва». Зміцер Лупач, catholicnews.by |