У Шуміліне прайшла пастырская сустрэча духавенства Віцебскай дыяцэзіі |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
14.10.2015 12:39 |
13 кастрычніка ў парафіі Маці Божай Фацімскай і св. Язафата Кунцэвіча ў Шуміліне (Віцебская дыяцэзія) адбылася пастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі. Святую Імшу ў межах сустрэчы ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Айцец Станіслаў Памыкала SJ адзначыў у гаміліі, звяртаючыся да прысутных святароў і кансэкраваных асобаў, што «кансэкрацыя перажываецца намі праз згоду — згоду на супольнасць, у якой мы знаходзімся, згоду на самога сябе, на іншага чалавека, на Бога». Святар прапанаваў сабраным задумацца над тым, што азначае «згода на саміх сябе як пакліканых жыць у цэлібаце». «Не ўмеючы згаджацца з самім сабой, мы вельмі часта губляем гэтыя мір і радасць, звязаныя з цэлібатам», — заўважыў а. Станіслаў Памыкала. Святар дадаў, што цэлібат змяшчае ў сабе «цнатлівасць, чыстасць, любоў у Божым Валадарстве», цесна звязаны з «малітвай, постам і міласцінай». Кажучы пра тое, адкуль бяруцца цяжкасці ў перажыванні цэлібату, а. Станіслаў Памыкала адзначыў, што яны бяруць пачатак «у нашых адносінах з Богам — іх корань пыха, самаабагаўленне». «Хрыстус стаўся чалавекам, каб дапамагчы нам выйсці з гэтай праблемы, каб выратаваць нас ад пыхі сэрца», — сказаў святар. «Мы павінны навучыцца глядзець на наш вопыт жыцця праз Святое Пісанне, параўноўваючы біблейскі вопыт з нашым, і тады мы пачнем разумець, што Бог здзяйсняе ў нашым жыцці, куды нас вядзе, — падкрэсліў а. Станіслаў Памыкала. — Мы павінны адкрыцца на Слова Бога і прасіць Яго, каб вылечыў нашы сэрцы ад пыхі і прывёў на да пакоры». Святар нагадаў таксама пра цяжкасці жыцця ў шлюбе, калі муж і жонка жывуць пад адным дахам, вельмі цесна адзін з адным. «Цэлібат — гэта пост, пост устрыманнем ад сексуальных адносін. Гэты пост жыве надзеяй, — дадаў а. Станіслаў Памыкала. — Ад таго, наколькі мы ўмеем натхняць сябе надзеяй вечнага жыцця, гэты пост будзе плённым». Біскуп Алег Буткевіч, звяртаючыся да ўдзельнікаў пастырскай сустрэчы, распавёў пра накірункі дзейнасці ў дыяцэзіі. Іерарх нагадаў між іншым пра будаўніцтва і рэканструкцыі святыняў, пра працу з дзецьмі, моладдзю, хворымі. (AG) |
Фотарэпартаж |