Моладзь Віцебскай дыяцэзіі на чуванні ў Полацку разважала пра Божую Міласэрнасць |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
19.10.2015 14:53 |
17 кастрычніка моладзь Віцебскай дыяцэзіі сабралася на начное чуванне ў полацкай парафіі. На сустрэчу прыбылі маладыя людзі з Браслава, Глыбокага, Мёраў, Віцебска, Варапаева, Слабодкі, Друі, Верхнядзвінска і іншых месцаў. Разнастайнасць удзельнікаў можна было заўважыць ужо спачатку на прадстаўленні парафій. Сябе і свае парафіі яны прадстаўлялі хтосьці спевам, хтосьці аповедам, хтосьці слайдамі. Падчас пакутнага набажэнства, якое падрыхтаваў ксёндз Юрый Жаўняровіч і моладзь мёрскай парафіі, можна было зрабіць рахунак сумлення і ў цішы каяцца ў сваіх грахах і занядбаннях. Сімвалам пакаяння і вяртання да Бога былі маленькія свечкі, запаленыя ад вялікай, якія запальвалі тыя, хто прыступіў да сакрамэнту пакаяння і проста шчыра прасіў прабачэння ў Бога за свае грахі. Мелі месца таксама тэатральныя пастаноўкі, якія падрыхтавала моладзь з Мёраў і Браслава і галоўнай думкай якіх былі ўсемагутнасць і міласэрнасць Бога ў праблемах сучаснага чалавека. Разважаючы над прыпавесцю пра блуднага сына, моладзь прадставіла асабістыя праблемы, перажыванні, пытанні; некаторыя маглі знайсці свае ўласныя праблемы і даверыць іх Міласэрнаму Айцу. С. Таццяна Гмыза SJE, (AG) |
Фотарэпартаж |