У Віцебску адбылася штомесячная сустрэча «Кожны талент ад Бога» |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
06.11.2015 13:48 |
1 лістапада пасля летніх канікул у культурна-рэлігійным цэнтры віцебскага катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага адбылася чарговая штомесячная сустрэча «Кожны талент ад Бога». Як заўсёды, з прывітальным словам да прысутных звярнуўся пробашч парафіі кс. Адам Дынак, які пажадаў усім добрага вечара і адпачынку. Заснавальнік гэтых сустрэч, вядомы віцебскі празаік і журналіст Франц Сіўко, прадставіў гасцей. Першым выступіў вядомы ў Віцебску гітарыст Уладзімір Бярэзін, які выканаў творы класічнага рэпертуару. Дырэктар дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа Наталля Анісковіч, часты госць гэтых сустрэч, прадставіла сваю вучаніцу Анастасію Даргель, мастачку вырабаў з саломкі. Быў прадстаўлены невялікі фільм аб каледжы. Прысутных пазнаёмілі з вырабамі Анастасіі і іншых вучняў каледжа. Пісьменніца і ўрач гарадской бальніцы хуткай дапамогі Вольга Грэдзель прадставіла слухачам сваю кнігу «Амазонка со “Скорой”», прачытаўшы некалькі урыўкаў з яе. Напрыканцы сустрэчы жадаючыя маглі набыць гэтую кнігу з аўтографам пісьменніцы. Франц Сіўко прадставіў таксама дачку Вольгі Грэдзель Таццяну Грэдзель, якая вучылася ў школе мастацтваў і інстытуце журналістыкі БДУ, грае на гітары і фартэпіяна, спявае. Пасля вучобы яна з’ехала ў Санкт-Пецярбург, дзе грала ў рок-гурце «Мулінэ». Хоць Таццяна Грэдзель, вучачыся ў будыйскім цэнтры, размаўляе на англійскай і тыбецкай мовах, але не забыла і беларускай і піша вершы як на англійскай, так і на беларускай мовах. На сустрэчы яна прачытала некалькі сваіх твораў. Напрыканцы зноў выступіў гітарыст Уладзімір Бярэзін. Удзельнікі сустрэчы засталіся вельмі задаволеныя цікавымі і разнайстанымі гасцямі. Паводле catholicnews.by (АлГ), (AG) Фота catholicnews.by |