Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Пасланыя абвяшчаць Евангелле»: пачалося святкаванне 800-гадовага юбілею дамініканскага Ордэну
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
10.11.2015 14:13

7 лістапада ў віцебскім касцёле святой Барбары ўрачыста распачалося святкаванне юбілею Ордэну братоў прапаведнікаў, заснаванага святым Дамінікам у 1216 годзе.

Юбілейны год будзе адзначацца з 7 лістапада 2015 года да 21 студзеня 2017 года, святкаванне супадае з аб’яўленым Папам Францішкам надзвычайным Юбілейным годам Божай міласэрнасці.

Разам з айцамі дамініканамі, якія служаць у парафіі Святой Барбары, на ўрачыстасць сабраліся прадстаўнікі галінаў Ордэна, якія жывуць і працуюць у Беларусі, з усіх куткоў нашай краіны, а таксама прадстаўніцы Кангрэгацыі Сясцёр святога Дамініка, моладзь дамініканскага душпастырства, госці і парафіяне.

Ордэн братоў прапаведнікаў мае багатую гісторыю, звязаную з беларускімі тэрыторыямі. Існуюць звесткі, што дамінікане з’явіліся на нашых землях ужо ў сярэдзіне XIII стагоддзя, а першы беларускі біскуп Віт быў дамініканінам (падрабязней пра гісторыю дамініканскага Ордэна ў Беларусі можна прачытаць у №2 часопіса «Наша вера» за 2015 год). Дамінікане працуюць у Беларусі амаль з самага заснавання Ордэна, і гэты юбілей мае для нас вялікае значэнне.

Генерал Ордэна айцец Бруна Кадорэ ў Лісце на распачацце юбілейнага года заклікаў усіх яго прадстаўнікоў да святкавання і звярнуў увагу, што «шчаслівы збег акалічнасцяў дазваляе нам спалучыць святкаванне дамініканскага юбілею з юбілеем Касцёла, бо вестуны Евангелля — гэта вестуны ласкі Божай, а вестуны ласкі абвяшчаюць Божую міласэрнасць».


Святкаванне ў Віцебску пачалося ўрачыстай працэсіяй і запальваннем юбілейнай свечкі як сімвала евангельскага святла, якое прадстаўнікі Ордэна павінны несці ў свет. Святую Імшу цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, а на заканчэнне прагучаў старажытны гімн у гонар Маці Божай «Salve Regina».

Ганаровы госць, вядомы польскі лютніст Антоній Пільх даў у касцёле кароткі канцэрт пасля ўрачыстай Імшы, а спецыяльна запрошаная на ўрачыстасць беларускі навуковец, гісторык Раіса Зянюк, якая прысвяціла некалькі сваіх працаў і публікацый дзейнасці дамініканскага Ордэна ў Беларусі, распавяла прысутным пра гісторыю Ордэна прапаведнікаў на нашых землях і яго значэнне для беларускага хрысціянства.


Святкаванне Юбілейнага года заснавання дамініканскага Ордэна будзе працягвацца шэрагам сустрэч і ўрачыстых мерапрыемстваў ва ўсім свеце.

Падчас юбілею з дазволу Папы Францішка можна атрымаць поўны адпуст, які можна ахвяраваць за сябе або за душы памерлых. Для гэтага трэба выканаць наступныя ўмовы:

  • Быць у стане асвячальнай ласкі, якая атрымліваецца праз споведзь
  • Удзельнічаць у Эўхарыстыі і прыняць святую Камунію
  • Памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца
  • Пабожна далучыцца да святкавання юбілейных урачыстасцяў
  • Наведаць дамініканскі касцёл або капліцу, дзе правесці некаторы час у разважанні перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, завяршыць разважанне малітвамі «Ойча наш», «Веру ў Бога», юбілейнай малітвай і малітвай закліку да апекі Маці Божай (напрыклад, «Тваёй абароне»).

Юбілейная малітва
Божа, Ойча міласэрнасці, Ты паклікаў святога Дамініка, каб ён стаў поўным веры вандроўным прапаведнікам і вестуном ласкі, улі ў нас Духа Уваскрослага Хрыста, каб мы верна і радасна абвяшчалі Евангелле супакою. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Юлія Шэдзько, фота Антона Паплёўкі

(АлГ)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў