Імша падзякі парафіянам і пасвячэнне ў міністранты ў Параф'янаве: «Быць годнымі слугамі Валадара» |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
23.11.2015 21:36 |
Слова пра сумленне і сумленнасць, годнасць быць міністрантам пры алтары Пана і дар Божай міласэрнасці прамовіў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч да вернікаў параф'янаўскай парафіі 22 лістапада, ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. У гэты дзень падчас святой Імшы ў парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Параф'янаве шэсць хлопцаў-кандыдатаў атрымалі з рук біскупа Алега Буткевіча комжы, пакінуўшы свае белыя і сціплыя стужкі для новых кандыдатаў. Таксама два міністранты атрымалі благаслаўленне быць лектарамі пры Хрыстовым алтары. Годныя слугі алтара Пана «Служба пры алтары — гэта служба Езусу, які прыйшоў, каб быць з намі. Ганарыцеся, што Бог кліча вас да сваёй выключнай службы», — сказаў хлопцам біскуп у гаміліі, заклікаўшы іх памятаць, што міністрант — гэта той, хто служыць. І міністр, і міністрант — адзін і той жа корань, які азначае «слугу». «Будзьце прыкладам!» — заахвоціў іерарх, разам з тым просячы ўсіх астатніх парафіян маліцца за «слугаў алтара», пачынаючы ад міністрантаў і заканчваючы біскупамі. Таксама, звяртаючыся да ўсіх прысутных вернікаў, біскуп засяродзіў увагу на тэме сумленнасці. Сумленнасць чалавека не з'яўляецца суб'ектыўнай, як адзначыў іерарх, але паходзіць ад Праўды. «Той, хто жыве ў Праўдзе, слухае Хрыстовы голас», — нагадаў біскуп словы Евангелля. Разважаючы пра Праўду, віцебскі ардынарый звярнуў увагу на постаць Пілата. Езуса абвінавачвалі ў палітычнай дзейнасці, але, калі Пілат убачыў, што Езус не займаецца палітыкай, то не ведаў, што рабіць. Адзінае, што Пілат зрабіў — адмахнуўся ад таго, што блізка кожнаму чалавеку, — ад сумлення. Як часта мы адмахваемся ад сумлення? — над гэтым прапанаваў падумаць біскуп. «Між тым, мы ўсюды шукаем сумленных людзей, пачынаючы ад улады і заканчваючы простымі працаўнікамі. Не было б тых войнаў, якія і зараз агортваюць свет, калі б краінамі кіравалі сумленныя людзі», — адзначыў іерарх. Сярод дароў, прынесеных да алтара, быў посуд з мноствам паперак са словамі «дзякуй». Гэты дар сімвалізаваў адну з інтэнцый, у якой цэлебравалася Імша, — інтэнцыю падзякі парафіянам за адданае служэнне і матэрыяльную дапамогу, якая спрыяе як духоўнай, так і матэрыяльнай аднове параф'янаўскай парафіі. Пасля Імшы парафіянам былі ўручаны лісты-падзякі за аднаўленне роднай святыні і падтрыманне парафіі. Як адзначыў пробашч ксёндз Раман Мурзіч, актыўны ўдзел у жыцці парафіі і дапамога спрыяе еднасці і аднаўленню найперш духоўнай святыні параф'янаўскай зямлі; агульная святая справа і адчуванне адказнасці за яе яднае народ ва ўсе часы, а тых, хто супрацоўнічае ў гэтай справе, робіць годнымі і адданымі змагарамі за Валадарства Хрыста, улада якога не з гэтага свету. Аксана Ючкавіч |
Фотарэпартаж |