Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У лучайскай парафіі адсвяткавалі «Андрэйкі»
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
24.11.2015 12:28

21 лістапада ў аг. Навасёлкі (парафія ў Лучаі) каталіцкая моладзь святкавала «Андрэйкі». Гэтае свята атрымала сваю назву ад імя святога апостала Андрэя. Традыцыйна яно адзначаецца напярэдадні Адвэнту – перыяду ў літургічным годзе Касцёла, які папярэднічае Божаму Нараджэнню.

Дзякуючы падрыхтаванаму анансаванню ў інтэрнэт-прасторы, паўдзельнічаць у свяце змагла моладзь з Варапаева, Дунілавіч, Наваполацка, Шаркаўшчыны і Пастаў.

Навасёлкаўская капліца Божай Міласэрнасці, вельмі ўтульная, упрыгожаная дэкарацыямі «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць», сустрэла гасцей свята. Капліца размешчана пад адным дахам з цэнтрам культуры, які цесна супрацоўнічае з парафіяй.

Хаця «Андрэйкі» маюць вясёлы і забаўляльны характар, удзельнікі не забыліся і пра духоўны аспект свята.

Яно пачалося з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Вельмі дарэчы была прысутнасць гурта «Laudans» (назва азначае «праслаўленне Пана»). Члены гурта разам з усімі прысутнымі ўдзельнічалі ў адарацыі, выконваючы песні.


Затым адбылася святая Імша. Запрошаны святар з Варапаева кс. Юрый Вільк у гаміліі, прыводзячы жыццёвыя прыклады, разважаў над тым, што кожны чалавек шукае Бога.

Паколькі «Андрэйкі» – дзень радасці, весялосці і забаў, наступнай часткай мерапрыемства стала канцэртная праграма, падрыхтаваная самымі лепшымі сябрамі-артыстамі лучайскай парафіі.

Сапраўднае сузор’е выканаўцаў прыбыло раздзяліць радасць гэтага дня. Гурт «Laudans», акрамя ўпрыгожвання сваімі спевамі літургічнай часткі, выканаў некалькі сваіх твораў на канцэрце.

Падчас выступлення «залатога акардэону Беларусі» – Дзмітрыя Корсака – адбылася сапраўдная імправізацыя. Пад першыя акорды кампазіцыі «Hej, sokoly!» ксёндз Юрый Вільк пад акампанемент віртуоза-акардэаніста заспяваў гэтую песню. Да іх далучылася сястра Магдалена з Наваполацка.

Адметнасцю канцэртнай праграмы стала прэзентацыя новага альбома гурта «Рэха». Андрусь Такінданг, даўшы назву па аднайменнай песні з альбома «Перайначыць», выказаў надзею, што «мастацтва можа перайначыць варажнечу на мір, нянавісць на прыязнасць. Перайначыць найперш сябе, а затым падзяліцца радасцю, смуткам, спевам з усімі».


«Рэхаўцы» з’яўляюцца ўжо сапраўднымі «старажыламі» лучайскіх святаў і пастаяннымі ўдзельнікамі з 2012 года. Напэўна, так, як любяць і прымаюць Андруся і яго гурт, не прымаюць нікога, а сам Андрусь не раз зазначаў, што заўсёды едзе ў Лучай, як да сябе дадому.

Скончылася свята супольным выкананнем усімі прысутнымі пад акампанемент Андрэя Лугіна песні-малітвы «Малюся за цябе, Беларусь!». Пробашч паблагаславіў удзельнікаў імпрэзы на шчаслівае вяртанне дадому і запрасіў да ўдзелу ў «Мікалайках», якія адбудуцца ў Лучаі 6 снежня.

Сустрэча «Андрэйкі» планавалася ў першую чаргу для моладзі, але ў ёй прынялі ўдзел людзі рознага ўзросту, маючы магчымасць правесці час з малітвай, радасцю, весялосцю побач з маладым пакаленнем.


Алена Клімза-Колтан, (AG)

Фота Карыны і Марыі Радзюш

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў