Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Міністэрства культуры не бачыць перашкодаў, каб касцёл св. Антонія быў адбудаваны
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
09.12.2015 16:23

Аб гэтым прадстаўнікам каталіцкіх і свецкіх СМІ паведаміў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч на прэс-канферэнцыі, што адбылася 9 снежня ў Віцебскай дыяцэзіяльнай курыі.

Міністэрства культуры не бачыць перашкодаў, больш за тое — лічыць патрэбным, каб у будучыні ў цэнтры Віцебска быў адбудаваны касцёл святога Антонія. Адзіная заўвага — касцёл трэба перасунуць адносна старога фундаменту, каб будынак не займаў праезжую частку. 

Праблема адбудовы касцёла святога Антонія на ранейшым месцы ўжо даўно хвалюе грамадскасць Віцебска, і падчас прэс-канферэнцый у курыі гэтае пытанне гучыць ужо не першы раз. Пры гэтым біскуп Віцебскі падкрэсліў, што гэта толькі пачатак, неабходна яшчэ шмат іншых узгадненняў, «але першы крок ужо зроблены».«Мы жывем гэтай надзеяй і ўвесь час молімся ў гэтай інтэнцыі», — дадаў іерарх.

Сам віцебскі ардынарый, як зараз, так і падчас свайго служэння ў парафіі Святога Антонія ў Віцебску ў якасці пробашча, неаднаразова казаў аб сваёй мары пра адбудову касцёла святога Антонія.

Таксама біскуп паведаміў, што Віцебская дыяцэзія выратавала ад разбурэння і каталіцкую капліцу, пабудаваную ў 1859 годзе на сродкі сям’і шляхцічаў Дуніных-Слепсцяў і асвечаную ў 1860 годзе ў гонар Маці Божай Балеснай. Зараз будынак знаходзіцца на вуліцы Урыцкага, 25 на тэрыторыі Віцебскага батанічнага саду. Некалькі месяцаў таму было прынята рашэнне аб разбурэнні гэтай капліцы як аварыйнай.

Дзякуючы згодзе Міністэрства адукацыі (дагэтуль капліца знаходзілася на балансе Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава) і ўмяшальніцтву віцебскага ардынарыя, рашэнне аб разбурэнне капліцы было спынена, зараз вядуцца перамовы аб магчымасці перадачы яе ва ўласнасць Віцебскай дыяцэзіі.


     
Гістарычная даведка

Гісторыя віцебскага касцёла св. Антонія Падуанскага бярэ свой пачатак у XVII ст., калі ў 1685 г. манахі-бэрнардынцы пабудавалі на Ратушнай плошчы драўляныя кляштар і касцёл. Праз некаторы час падчас пажару кляштар і касцёл згарэлі, аднак у 1731 г. былі адбудаваны з дрэва. Праз два гады, 31 мая 1733 г., касцёл зноў згарэў, калі ў Віцебску адбыўся пажар. Пасля пажару ў 1737 г. на сродкі Казіміра і Тэклі Саковічаў пачалося будаўніцтва мураванага касцёла і кляштара. У 1768 г. касцёл быў асвечаны ў гонар святога Антонія Падуанскага біскупам-суфраганам Феліксам Тавяньскім.

У свой час у касцёле служылі такія святары, як Слуга Божы ксёндз Антоні Малецкі (1884-1885), як вікарый і катэхет з 11 кастрычніка 1896 г. па 8 кастрычніка 1903 г. ксёндз Канстанцін-Рамуальд Будкевіч, які быў арыштаваны ў Маскве ў сакавіку 1923 г. па групавай справе разам з арцыбіскупам Янам Цяплякам, а потым асужданы і расстраляны.   

Кароткі час у 1933 г. тут служыў ксёндз Язэп Барадзюля, які ў цэлым правёў 25 гадоў у ссылках і лагерах.    

Апошнім святаром, што служыў у касцёле св. Антонія ў міжваенны час, быў ксёндз Адольф Філіп. Святар паўторна быў арыштаваны ў жніўні 1937 г. і, верагодна, асуджаны да вышэйшай меры пакарання і расстраляны.

У 1938 г. Віцебскі гарсавет з дапамогай падатковага ціску забраў касцёл у вернікаў, а летам 1939 г. перадаў яго Віцебскаму медыцынскаму інстытуту, які пачаў перарабляць яго ў фізкультурную залу. Аднак 5 снежня 1939 г. касцёл узяла на ўлік урадавая навуковая экспедыцыя па перапісу і  паспартызацыі помнікаў рэвалюцыі, гісторыі і мастацтва як помнік мастацтва (архітэктуры).            

19 сакавіка 1940 г. Віцебскі гарсавет перадаў касцёл Віцебскаму гістарычнаму музею для арганізацыі антырэлігійнага філіялу музея, які было прапанавана адкрыць 1 мая 1940 г. У гэтым філіяле музея дэманстраваліся, сярод іншага, і парэшткі св. Еўфрасінні Полацкай.

У час вайны касцёл зноў дзейнічаў. З вызваленнем Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў  святар, які служыў у касцёле, быў вымушаны выехаць, разумеючы, што будзе пакараны за рэлігійную дзейнасць. Касцёл зноў быў зачынены.

Падчас ваенных дзеянняў касцёл св. Антонія быў пашкоджаны, у прыватнасці быў разбураны дах. Тое, што пачала вайна, дакончыла ўлада. Пасля вайны ў касцёле знаходзіўся склад гародніны, што вельмі пашкодзіла будынку.

Раніцай 15 красавіка 1958 г. касцёл св. Антонія быў узарваны. Зараз на месцы святыні знаходзіцца фантан.

Парафія Св. Антонія Падуанскага ў Віцебску была адроджана 1 красавіка 2001 г. 16 жніўня 2002 г. парафія атрымала свой будынак — былы Дом культуры, што належаў  Віцебскаму вучэбна-вытворчаму прадпрыемству «Галант» па вул Гагарына, 46а.

У 2003–2013 гг. пробашчам парафіі быў ксёндз Алег Буткевіч, сённяшні віцебскі ардынарый.

Кацярына Лаўрыненка

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў