Біскуп Алег Буткевіч на перадкаляднай пастырскай сустрэчы ў Полацку: Жадаю, каб кожны перажыў Уцелаўленне Хрыста |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
16.12.2015 14:16 |
«Жадаю, каб гэтае Нараджэнне адбылося ў вашым сэрцы», — звярнуўся да святароў і кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч падчас пастырскай сустрэчы ў Полацку 15 снежня. Біскуп заўважыў, што дзяліцца можна толькі тым, што перажывеш сам, што маеш у сваім сэрцы. Таму іерарх пажадаў, каб кожны перажыў Божае Нараджэнне і Уцелаўленне Хрыста, каб такім чынам «Хрыстовыя думкі сталі і нашымі думкамі».
«І каб радасць, пра якую кажам, пасялілася ў вашых сэрцах, нягледзячы на цяжкасці і выпрабаванні, — пажадаў біскуп Алег Буткевіч. — Праз вашыя думкі і сэрцы Пан Езус, напэўна, далей збаўляе свет, несучы крыж. Няхай на дарозе свеціць вам святло Бэтлеемскай зоркі. Усяго вам найлепшага!»
Перадкалядная пастырская сустрэча, якая адбылася ў полацкім касцёле св. Андрэя Баболі, пачалася з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой прысутныя мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Пасля Эўхарыстыі святары і кансэкраваныя асобы, дзелячыся аплаткай, складалі адзін аднаму віншаванні і пажаданні.
Аксана Ючкавіч Фота Аляксандры Шчыглінскай |
Фотарэпартаж |