«Caritas» браслаўскай парафіі арганізаваў калядкі |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
04.01.2016 16:25 |
3 снежня дабрачыннае каталіцкае таварыства «Caritas» парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе пры фінансавай падтрымцы партнёраў з Чэхіі — «Caritas» Прагі — арганізавала для юных вернікаў маленькія калядкі. Свята прайшло весела. Дзяцей і дарослых павіншаваў з Божым Нараджэннем пробашч парафіі, пасля чаго на імправізаванай сцэне была прадстаўлена пастаноўка пра нараджэнне Езуса, пра пастухоў і валхвоў, якія прыйшлі Яму пакланіцца, і злога Ірада, які загадаў забіць усіх немаўлят. П’есу паставілі старэйшыя дзеці, рэжысёрам выступіла сястра эўхарыстка Таццяна. Потым сабраныя спявалі разам калядкі, дзе запяваламі былі юныя салісткі, выхаванкі арганісткі Іны Сапун, а таксама юнакі з ансамбля «Крылы анёла». Дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў забавах, а пасля пачаставаліся за салодкім сталом. Тамара Пашкевіч, (AG) |