У віцебскай катэдры прайшло першае экуменічнае набажэнства з моманту заснавання Віцебскай дыяцэзіі |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
23.01.2016 14:48 |
22 студзеня ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску адбылося экуменічнае набажэнства пад дэвізам гэтага года «Пакліканыя, каб абвяшчаць вялікія справы Пана» (пар. 1 П 2, 9), падчас якога прадстаўнікі хрысціянскіх Цэркваў і дэнамінацый Віцебска маліліся аб еднасці хрысціян. Aдметна, што падобнае набажэнства ў віцебскай катэдры адбылося ўпершыню з часоў заснавання Віцебскай дыяцэзіі. У экуменічным набажэнстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла на чале з біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам, а таксама пробашч віцебскай грэка-каталіцкай парафіі Уваскрасення Хрыстовага протапрэзбітэр айцец Зміцер Грышан, прарэктар па вучэбнай рабоце Віцебскай духоўнай семінарыі Праваслаўнай Царквы протаіерэй Дзмітрый Савіч, прадстаўнікі Евангельскіх хрысціян-баптыстаў — пастар Аляксей Альшэўскі з Царквы «Пульс» у Віцебску і пастар Царквы «Надзея» ў Віцебску Генадзь Ляшчоў, пастар віцебскай абшчыны Пятра і Паўла Евангельска-Лютэранскай Царквы Уладзімір Татарнікаў. Набажэнства пачалося працэсіяй, на чале якой неслі Святое Пісанне. Само набажэнства адбывалася пры запаленым пасхале. Падчас набажэнства былі прачытаны малітва да Святога Духа, малітвы паяднання і малітвы надзеі. «Сёння мы молімся аб адзінстве паміж хрысціянамі, і гэтае адзінства заключаецца ў наказах Хрыста, якія мы пачулі праз прачытанае слова. Мы усе адказныя за выкананне гэтых наказаў, і калі мы ўсе робім агульную справу, гэта нас аб’ядноўвае», — нагадаў у сваёй прамове пастар Царквы «Надзея» ў Віцебску Генадзь Ляшчоў.
Пастар Уладзімір Татарнікаў азначыў, што сённяшняе грамадства забывае, што такое вера, і падкрэсліў важнасць сумеснай малітвы, дадаўшы, што ў сённяшніх умовах вельмі важна казаць аб адзінстве і выступаць адзіным фронтам у справах веры, маралі і сямейных каштоўнасцяў, «бо ўсе мы закліканы абвяшчаць укрыжаванага і ўваскрослага Хрыста». Протаіерэй Дзмітрый Савіч нагадаў, што «малітва Езуса — “каб усе былі адно” — гэта пэўны заклік да нас звярнуцца да Яго, каб пераадолець пыху і жорсткасць нашага сэрца, але не моцай, а толькі Яго любоўю і міласэрнасцю, каб мы маглі стаць тым адзіным статкам, які Ён даручыць свайму ўмілаванаму Айцу — Госпаду нашаму». Протапрэзбітэр айцец Зміцер Грышан нагадаў, што гэтая малітоўная сустрэча — вельмі важная падзея для той будучыні, аб якой мы ўсе молімся — «Каб усе былі адно». Святар адзначыў, што прадстаўнікам розных хрысціянскіх канфесій трэба вучыцца быць блізка адзін да аднаго, а таксама бачыць тое «прыгожае і вартае, што кожная канфесія можа прынесці ў Царкву Хрыстовую». Святар падкрэсліў важнасць хросту, які з’яўляецца фундаментам хрысціянства. Віцебскі ардынарый біскуп Алег Буткевіч адзначыў асаблівы характар гэтай сустрэчы: «Сёння мы не толькі кажам, сёння мы разам молімся з прадстаўнікамі розных хрысціянскіх Цэркваў і дэнамінацый аб так важным дары еднасці, аб чым прасіў Езус у свайго Айца – “Няхай усе будуць адно”». Іерарх адзначыў, што на шляху да еднасці хрысціян часта паўстае перашкода — гэта думка, якім чынам будзе дасягнута гэтая еднасць. Біскуп нагадаў аб важнасці міласэрнасці і прабачэння, асабліва ў Год Міласэрнасці: «Гэта вельмі важна, каб мы ўмелі дараваць крыўды, якія ўчынілі адзін аднаму, і гэта датычыцца не толькі крыўдаў ў гістарычным вымярэнні, але датычыцца найперш нас у нашым штодзённым жыцці». Кажучы пра пошук паяднання хрысціян, іерарх падкрэсліў: «Каб паяднацца паміж сабою, мы найперш павінны паяднацца з нашым Айцом — праз пакаянне, праз малітву, праз Эўхарыстыю». «Мы павінны шчырым сэрцам шукаць гэтых шляхоў у першую чаргу да паяднання з Богам. І тады тая справа еднасці стане магчымай. Сённяшняя падзея, калі мы можам разам стаяць каля алтара і ўзносіць малітву, — гэта ўжо вельмі важны і выразны знак, што гэтая еднасць магчымая», — дадаў віцебскі ардынарый. Пасля складання абавязку быць соллю і святлом, падчас якога прагучалі словы: «Занясём гэтае святое Слова свету, паколькі мы з’яднаны ў адной місіі — быць соллю зямлі, быць святлом свету і абвяшчаць вялікія справы Пана», — прысутныя прадстаўнікі рэлігійных супольнасцяў у знак супольнай місіі ўсіх Цэркваў запалілі свечкі ад пасхала, як сімвала святла Уваскрослага Хрыста. Напрыканцы набажэнства прысутныя перадалі адзін аднаму знак супакою. Кацярына Лаўрыненка, |
Фотарэпартаж |