Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вернікі з віцебскага касцёла Святога Духа ўсёй парафіяльнай супольнасцю прайшлі праз Брамы Міласэрнасці
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
01.02.2016 12:17

30 студзеня вернікі, святары і законныя сёстры парафіі Святога Духа ў Віцебску здзейснілі пілігрымку да Брамаў Міласэрнасці ў катэдральны касцёл Езуса Міласэрнага.

Арганізатарам пілігрымкі выступіў пробашч парафіі ксёндз Адам Квяткоўскі SDB, які адзначыў: «Папа Францішак у буле “Misericordiae Vultus”, якая прысвечана Надзвычайнаму Юбілею Міласэрнасці, узнімае тэму пілігрымкі. Хрысціянін, які жадае дайсці да Святых Дзвярэй, павінен пайсці ў пілігрымку. У сваім жыцці я здзяйсняў пілігрымкі ад наймалодшых гадоў. Абвяшчэнне Папам Франшішкам Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці, а таксама мой уласны досвед пілігрымавання прывялі мяне да думкі, каб нашая парафіяльная супольнасць разам пілігрымавала да Святых Дзвярэй, якія знаходзяцца ў віцебскай катэдры».

Перад уваходам у касцёл пілігрымаў прывітаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Іерарх выказаў сваю радасць, што такая вялікая колькасць парафіян пажадала скарыстацца ў Год Міласэрнасці ласкай атрымання поўнага адпусту.

Пасля абраду акраплення асвячонай вадой вернікі на чале з біскупам і пастырамі сваёй парафіі прайшлі праз Брамы Міласэрнасці.

Падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту вернікі маліліся Вяночкам да Божай Міласэрнасці.

Святую Імшу узначаліў віцебскі ардынарый. У гаміліі, падчас якой іерарх засяродзіўся на справе Божай міласэрнасці, біскуп адзначыў, што часта вялікай праблемай для чалавека з’яўляецца нежаданне прыняць гэтую міласэрнасць. Пры гэтым біскуп нагадаў пра абавязкі вернікаў — «дзяліцца міласэрнасцю з іншымі», «аказваць ім міласэрнасць».

Віцебскі ардынарый дадаў, што мы жывем у свеце, які нібы і не перашкаджае ў практыкаванні сваёй веры, але разам з тым і не спрыяе чалавеку ў набліжэнні да Бога, і гэта таксама датычыцца справы міласэрнасці — інакш кажучы, прабачэння. «І чалавек задае сабе пытанне — ці пакаянне з’яўляецца нечым неабходным у маім жыцці?» - сказаў біскуп.

Іерарх нагадаў, што часта ва ўяўленні сучаснага чалавека знішчаюцца межы паміж разуменнем, што такое дабро і зло, і ён нават не думае, што ўвогуле можа зрабіць нешта дрэннае. А калі гэта адбываецца — вельмі лёгка апраўдвае самога сябе. «Усё гэта адцягвае ад усведамлення, што мы стаім перад Богам, які прагне нам прабачыць. Веліч чалавека ў тым, каб прызнаць, што не ён з’яўляецца крытэрыем дабра і зла, а што ёсць Бог, перад якім кожны нясе адказнасць», - дадаў віцебскі ардынарый.

Кажучы аб праблеме, калі на першае месца ставіцца поспех чалавека, іерарх нагадаў: «Калі чалавек будзе кіравацца толькі гэтым і будзе прыкладваць да гэтага ўсе намаганні, то гэта азначае, што ён не спадзяецца, не цалкам давярае Богу, які чакае ў Божым Валадарстве. Усё астатняе — гэта толькі шлях, сродак, каб гэтага Валадарства дасягнуць. Таму гэты дар прабачэння, які нас цесна звязвае з Богам, дае зразумець, што Бог — гэта наш Айцец. Найважнейшае — каб мы шукалі Бога, усведамляючы, што мы недасканалыя, грэшныя людзі. Але ў першую чаргу прычынай для радасці з’яўляецца тое, што Бог ёсць з намі, што Ён нас любіць і прабачае».

«Няхай гэты час, у якім мы асабліва павінны разважаць над дарам міласэрнасці, над дарам Божай любові, якую Ён праяўляе да кожнага свайго дзіцяці, паспрыяе ўмацаванню нашай веры і разам з тым умацаванню нашага супакою, той радасці, якую нясе жыццё ў Божай ласцы, у цеснай еднасці з Богам — нашым Міласэрным Айцом», — пажадаў вернікам іерарх.

Напрыканцы Імшы святары разам з біскупам прачыталі акт аддання парафіі Святога Духа ў апеку Божай Міласэрнасці.

З нагоды другой гадавіны атрымання віцебскім ардынарыем біскупскай сакры яго павіншавалі як дарослыя прадстаўнікі парафіі Святога Духа, так і самыя маленькія. Малодшыя парафіяне падарылі іерарху свае малюнкі з добрымі пажаданнямі. Напрыканцы яны зладзілі невялікі канцэрт для ўдзельнікаў пілігрымкі.

Гэтая пілігрымка для парафіі Святога Духа была адметная не толькі сваёй нагодай, але і тым, што паспрыяла ўмацаванню як парафіяльнай, так і сямейнай еднасці. Многія пілігрымы прыехалі цэлымі сем’ямі. Ніна Янковіч, якая прайшла праз Святыя Дзверы разам з мужам і дачкой, кажа: «Мяне перапаўняе вялікая радасць, што сёння мы мелі такую добрую магчымасць здзейсніць гэтую пілігрымку нашай вялікай парафіяльнай сям’ёй і ўсёй гэтай супольнасцю атрымалі такую ласку».

Святлана Вайсковіч здзейсніла пілігрымку разам са сваім мужам Ігарам, які з’яўляецца праваслаўным. Жанчына адзначае, што і ў касцёл яны ходзяць разам —  таму і зараз для мужа было вельмі важным памаліцца разам з жонкай. Яшчэ Святлана кажа, што даверыла Божай міласэрнасці сваю праблему, аб шчаслівым вырашэнні якой яна моліцца. «Калі падчас малітвы я пачула словы: “Езу, давяраю Табе”, я зразумела, што цалкам давяраю Яму, а таму і не сумняюся, што мая праблема вырашыцца», - дадае жанчына.


Кацярына Лаўрыненка


    

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў