Ксёндз Юрый Бараўнёў узнагароджаны медалём «Pro Memoria» за аднаўленне месца пахавання польскіх салдат |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
08.02.2016 14:33 |
7 лютага ў Крулеўшчыне (Віцебская дыяцэзія) біскуп Віцебскі Алег Буткевіч асвяціў адноўленыя могілкі польскіх салдат часоў польска-савецкай вайны 1919-1920 гг. У гэты ж дзень за аднаўленне і ўпарадкаванне могілак пробашч мясцовай парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса кс. Юрый Бараўнёў быў адзначаны медалём «Pro Memoria», які быў уручаны святару прадстаўнікамі польскага дыпламатычнага корпуса. Крулеўшчына, якую часам называюць Крулеўшчызнай або нават Каралеўшчынай, знаходзіцца ў Докшыцкім раёне на Віцебшчыне. Гэта мясцовасць, дзе насельніцтва складае больш за 2 з паловай тысячы чалавек, найбольш вядомая праз чыгуначную станцыю, якую прамінаюць тыя, хто дабіраецца са сталіцы полацкіх князёў у сучасную сталіцу, ці наадварот. Мясцовасць вядомая не толькі станцыяй, але і іншымі цікавымі рэчамі, якія пакінула на гэтых землях неспакойная гісторыя. Жыхары мясцовасці маюць дзве памяткі з часоў польска-савецкай вайны, сумны напамін — могілкі яе ўдзельнікаў. На могілках рускіх салдат, якія знаходзяцца на тэрыторыі Крулеўшчыны, месціцца праваслаўная Спаса-Праабражэнская капліца. А крыху наводшыбе ад вёскі, у крулеўшчынскім полі — магілы польскіх салдат, якія стараннямі мясцовага пробашча кс. Юрыя Бараўнёва і вернікамі парафіі былі адноўлены, а 7 лютага асвечаны віцебскім ардынарыем.
У гэты лютаўскі дзень з сакавіцкім надвор'ем біскуп Алег Буткевіч завітаў у парафію, каб пасля цэлебрацыі святой Імшы паўдзельнічаць ва ўручэнні спецыяльнай і ганаровай узнагароды ксяндзу Юрыю Бараўнёву — медаля «PRO MEMORIA». На ўручэнне гэтай узнагароды на Докшыччыну прыехалі прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса Рэспублікі Польшча. Медаль «PRO MEMORIA» — узнагарода, якая ўручаецца польскай Радай па справах абароны памяці змагання і мучаніцтва. На тэрыторыі Беларусі існуе шмат такіх месцаў, дзе пахаваны салдаты розных краін: шведы, палякі, рускія, французы. Некаторыя з гэтых месцаў ужо даўно адноўленыя і прыведзеныя ў парадак, некатоыя яшчэ чакаюць свайго часу. Напрыклад, на тэрыторыі, дзе служыць ксёндз Юрый Бараўнёў, аналагічнае месца пахавання польскіх салдат, дзе быў пры ўдзеле святара ўсталяваны крыж, знаходзіцца каля в. Чачукі. Пасля Эўхарыстыі медаль быў уручаны кс. Юрыю Бараўнёву кіраўніком польскага дыппрадстаўніцтва – Часовым павераным у справах Рэспублікі Польшча Міхалам Хабрасам. Затым біскуп Алег Буткевіч, госці з Мінска, хор з мёрскай парафіі, які прыехаў на чале з мёрскім пробашчам кс. Кшыштафам Мянкінам, а таксама ксёндз-гаспадар і парафіяне накіраваліся на могілкі на малітву. У промнях вечаровага сонца біскуп Алег Буткевіч прамовіў малітву Вяночка да Божай Міласэрнасці, на якую гучна адказвалі прысутныя. «Будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету» разносілася па крулеўшчынскім полі, сярод камення, крыжоў і ззяння лампадак, якое не было заўважным, бо перамагалася сонечным святлом.
У гэты дзень падчас Імшы ў касцёле і падчас малітвы на могілках маліліся ў інтэнцыі тых, хто страціў сваё жыццё ў змаганні за вольнасць і праўду. «Тых, хто загінуў, маючы шляхетныя намеры, і нас, хто жыве, яднае адна праўда — праўда Уваскрослага Езуса Хрыста, якая вяртае да існавання кожнага чалавека. Нас яднае праўда пра прабачэнне і бачанне Божай хвалы», — адзначыў біскуп у нядзельнай гаміліі. Іерарх звярнуў увагу не толькі на небяспеку знешніх войнаў у іх прамым значэнні, але і на духоўныя праблемы сучаснасці: «Не толькі ў войнах праліваецца кроў. Колькі ненароджаных дзяцей не ўбачаць Божага святла, бо ў свеце не хапае бацькоўскай любові?» «На прыкладзе нашай гісторыі, гісторыі Польшчы мы можам бачыць, як адыход ад Бога вядзе да згубы», — дадаў біскуп, падкрэсліваючы важнасць прабывання сведкамі Божай любові. Таксама віцебскі ардынарый нагадаў, як важна памятаць пра сваё месца ў гэтым свеце, пра сваё прызначэнне, дадаўшы, што толькі ў такім выпадку чалавек можа дзяліцца любоўю. «Любоў у сэрцы чалавека — ад Бога, а найважнейшае прагненне, якое можа быць у гэтым сэрцы — гэта прагненне бараніць гэтую любоў», — сказаў біскуп. Напрыканцы гаміліі іерарх пажадаў, каб прыкладам любові для ўсіх заўсёды была ахвяра Езуса Хрыста, які апраўдваў нават сваіх катаў, «бо не ведаюць, што чыняць». Аксана Ючкавіч |
Фотарэпартаж |