«Марскія» запусты адбыліся ў Браславе |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
08.02.2016 15:29 |
6 лютага ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў адбыліся запусты на марскую тэматыку, у якіх прынялі ўдзел маладыя людзі з Браслава, Міёраў і Полацка. Распачалася моладзевая сустрэча ўваходам праз Брамы Міласэрнасці і адарацыяй. Падчас малітвы ўдзельнікі разважалі на тэму Божай міласэрнасці, маліліся за тых, хто далёка ад Бога. На сімвалічных рыбках юнакі і дзяўчаты пісалі кароткія малітвы і імя таго, каго хацелі б бачыць побач з сабой у Касцёле, пасля чаго клалі іх у сетку перад алтаром. У зале, дзе праходзіла свята, быў падрыхтаваны стол са стравамі на марскую тэматыку, які рыхтавала моладзь напярэдадні. Традыцыйнымі пончыкамі частавала полацкая моладзь. Пасля пачастункаў парафіі вучылі адна адну танчыць і ладзіць флэшмобы. Парадавалі прысутных прафесійнымі танцамі таксама ксёндз Лешэк Вітвіцкі SDS і старэйшая моладзь. Падчас запустаў панавала вельмі цёплая, радасная атмасфера. Удзельнікі спадзяюцца, што такія сустрэчы набліжаюць моладзь да Бога і вучаць сапраўднай радасці і моцнаму сяброўству. С. Таццяна Гмыза SJE, фота — Ірына Гайдамовіч, Waladarka.by (АлГ) |