Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Росіцы ў чарговы раз запалілі знічы веры і вернасці
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
22.02.2016 12:21

20 лютага ў Росіцы ў чарговы раз узгадалі подзвіг благаслаўлёных росіцкіх мучанікаў-марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча. Дзеля гэтага ў маленькай памежнай вёсцы сабралася вялікая колькасць вернікаў з усіх дыяцэзій Беларусі, святары і законныя сёстры Віцебскай дыяцэзіі. Да росіцкіх урачыстасцяў была прымеркавана сустрэча духавенства Віцебскай дыяцэзіі на чале з біскупам Алегам Буткевічам і заканчэнне Года кансэкраванага жыцця ў Віцебскай дыяцэзіі. 

Урачыстую Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, канцэлебравалі яе Генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Францішак Кісель, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і ўсе прысутныя святары.


«Росіца — знак вернасці свайму служэнню»


У гаміліі віцебскі ардынарый нагадаў, што «менавіта ў Росіцы, якая стала сімвалам пакуты і цярпення, дзіўным чынам пачынаеш разумець, наколькі магутным і прыгожым з’яўляецца жыццё»,  дадаўшы, што «сама Росіца з яе гісторыяй вучыць нас па-хрысціянску глядзець на гэты дзівосны свет».

Звяртаючыся да праблемы цяжкасцяў, якія перажывае хрысціянін у сучасным свеце, іерарх прыгадаў урывак з Кнігі прарока Даніэля, дзе распавядалася, як трое юнакоў былі кінуты ў распаленую печ за тое, што не адракліся ад свайго Бога. І нават там яны праслаўлялі Бога, і, знаходзячыся ў полымі, не загінулі, бо з імі быў анёл, пасланы Богам. Біскуп адзначыў, што ў нашай сітуацыі мы маем такога анёла — «гэта Езус Хрыстус, які прабывае з намі ў полымі нашых цяжкасцяў, жыццёвых праблем». «Ён разам з намі далей нясе крыж. І гэтае полымя тых выпрабаванняў не толькі выпрабоўвае нас як людзей, але перадусім выпрабоўвае нашу веру — ці маем мы ў сабе Божае жыццё, ці яго няма. Бо вытрываць у гэтым полымі жыццёвых выпрабаванняў можа толькі той, хто хрысціянінам з’яўляецца па-сапраўднаму, а не толькі "выглядае" вонкава. І знак, як выглядае сапраўднае хрысціянства, вернасць свайму служэнню, маем вось тут — у Росіцы», — дадаў іерарх.

Нагадваючы аб заканчэнні Года кансэкраванага жыцця, віцебскі ардынарый адзначыў, што «кансэкраваныя асобы — гэта тыя людзі, якія, ідучы за Езусам Хрыстом, павінны паказаць гэтаму свету прыклад служэння». Біскуп заўважыў, што ў сучасным свеце «не хапае паставы служэння іншаму чалавеку», і адзначыў, што такім прыкладам служэння з’яўляецца айцец Чэслаў Курэчка, росіцкі пробашч. «Тытанічная праца, і колькі людзей, гледзячы на вынікі гэтай працы, маюць жаданне ўбачыць гэтае месца і адшукаць дарогу да Бога», — падкрэсліў ардынарый.


«Гэта наша супольная ўзнагарода для ўсіх тых, хто любіць Росіцу»

Напрыканцы мінулага года пробашч росіцкай парафіі і апякун месца мучаніцкай гібелі благаслаўлёных марыянаў айцец Чэслаў Курэчка атрымаў прэмію «За духоўнае адраджэнне». З гэтай нагоды пасля Імшы пілігрымы з Мёраў, Мінска і Глыбокага, а таксама прадстаўнікі Верхнядзвінскага райвыканкама віншавалі святара з атрыманнем такой ганаровай узнагароды. Цёплыя словы віншаванняў прагучалі і ад біскупа Віцебскага.

«Гэта высокая ўзнагарода не толькі для мяне, гэта наша супольная ўзнагарода для ўсіх тых, хто любіць Росіцу і прыкладае шмат высілкаў, каб яна прыгажэла, квітнела і станавілася месцам духоўнага адраджэння», — сказаў айцец Чэслаў Курэчка, дзякуючы прысутным за віншаванні, і дадаў, што, пэўна, атрымаць гэтую прэмію паспрыялі яму благаслаўлёныя росіцкія мучанікі, «бо яны пажадалі, каб усе накіравалі сюды свой позірк, каб мы прыязджалі ў Росіцу на супольную малітву і атрымлівалі ласку ўмацавання ў веры».

«Той, хто асвятляе шлях іншых людзей, сам ніколі не застанецца без святла»

У час Эўхарыстыі ў працэсіі з дарамі быў прынесены абраз з выявай благаслаўлёных росіцкіх мучанікаў айцоў Юрыя і Антонія, напісаны мастаком Валерыем Шчасным. Пасля Імшы віцебскі ардынарый асвяціў абраз, і цяпер ён зойме сваё месца ў верхнядзвінскім касцёле. У гэты касцёл пасля арышту і расстрэлу благаслаўлёнага ксяндза Мечыслава Багаткевіча з душпастырскай паслугай да лютага 1943 года прыязджаў благаслаўлёны Антоній Ляшчэвіч. Акрамя таго, менавіта ў Верхнядзвінску (тады Дрысе) святара папярэджвалі, каб ён не вяртаўся ў Росіцу, дзе планавалася карная акцыя. Святар, аднак, вярнуўся да сваёй паствы, каб разам з ёй загінуць у нялюдскім полымі нянавісці.

Пасля Імшы святары і вернікі, несучы запаленыя свечкі і паходні, прайшлі ў працэсіі на Пляц пакутніцтва, дзе ўздымаецца вялікі крыж — як знак перамогі жыцця над смерцю і ўваскрасення. Там малітвай і адарыцыяй крыжа вернікі ўшанавалі памяць загінулых падчас росіцкай трагедыі, пакідаючы каля крыжа на снезе запаленыя свечкі і лампады. Іх агеньчыкі нагадваюць аб словах адной з удзельніц пілігрымкі, прамоўленых падчас віншаванняў айца Чэслава Курэчкі: «Той, хто асвятляе шлях іншых людзей, сам ніколі не застанецца без святла».

Кацярына Лаўрыненка,
фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў